100-разовае перавышэнне радыяцыі — блогер праверыў грыбы з Нараўлянскага раёна
Грыбы, сабраныя Аляксандрам Гарбацэвічам / instagram.com/ip.chaser
Грыбны блогер Аляксандр Гарбацэвіч праверыў на радыяцыю грыбы, сабраныя ў Чарнобыльскай зоне.
Ён збіраў грыбы ў Нараўлянскім раёне, за 60 кіламетраў ад ЧАЭС. Потым сабраныя грыбы Гарбацэвіч праверыў у лабараторыі Камароўскага рынку, заўважыла выданне "Зеркало".
Блогер паказаў, што ў Чарнобыльскім лесе шмат грыбоў і выглядаюць яны вельмі прывабна: "Калі б не разумець, што ў ім унутры, то гэта была б радасць максімальнага ўзроўню".
Праверка ў лабараторыі Камароўскага рынку паказала мінімальнае перавышэнне дозы радыяцыі — 3,5 разу, а максімальнае — у 100 разоў.
"Белыя грыбы сасновыя — самыя чыстыя. У белых сасновых — 1300 пры норме 370 (перавышэнне ў 3,5 разу. — Рэд.). У польскіх і ў маслятах — 15 000 бекерэляў на кілаграм пры норме 370, гэта значыць перавышэнне ў 40 разоў. І зелянушкі — у іх перавышэнне ў 100 разоў (блогер памыліўся, у зелянушках знайшлі 30 438 бекерэляў пры норме ў 370, а значыць, перавышэнне ў 82 разы. — Рэд.), калі хібнасць прыбора плюсаваць", — апісвае сітуацыю грыбны блогер.
Ён дадае, што жыхары Нараўлянскага раёна ходзяць у грыбы і потым ядуць іх, папярэдне вымачыўшы. Гарбацэвіч спасылаецца на экспертаў з лабараторыі, якія сказалі, што частку назапашанай радыяцыі так можна вывесці, аднак усё адно рэкамендавалі не есці такія грыбы.
У жніўні 2026 года ўлады выключылі значную частку тэрыторыі з ліку радыяцыйна забруджаных земляў. Сярод 177 пунктаў, якія сталі лічыцца чыстымі, — Гомель, Лунінец, Лельчыцы і Іўе.