Светлагорск у нядзелю накрыла моцным смуродам ад завода беленай цэлюлозы
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы / Еўрарадыё
Моцны хімічны пах ад незразумелых выкідаў адчулі ў нядзелю, 27 верасня, жыхары светлагорска. Гэта вынік працы пабудаванага кітайцамі завода беленай цэлюлозы.
Як піша "Гомельская Вясна", светлагорцы скардзіліся не толькі на тое, што ў горадзе няма чым дыхаць, але і на разлады здароўя: шмат каму ад кепскага паветра рабілася блага.
Завод сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску пачала будаваць кітайская кампанія САМСЕ, але дамову з ёй неўзабаве скасавалі, і дабудоўвалі завод ужо беларусы. На этапе пробных запускаў у 2018-2019 гадах завод выкідаў у паветра і ваду надзвычайную колькасць атрутных рэчываў. Сярод іх быў метылмеркаптан — небяспечнае рэчыва, якое немінуча ўтвараецца пры вытворчасці цэлюлозы. Гэтае рэчыва выклікае сістэмныя разлады здароўя, таму падобныя вытворчасці ў свеце будуюць па-за межамі населеных пунктаў.
Пры будаўніцтве завода да пратэстаў грамадскасці ўлады не прыслухоўваліся.
У "Гомельскай Вясне" адзначаюць, што раней праваабаронцы і актыўныя гараджане прымушалі дзяржаўныя службы неяк рэагаваць у падобных сітуацыях. Але пасля "зачысткі" грамадскага сектара, якая адбылася за апошнія гады, ніякай процівагі дзяржаўнай вертыкалі не засталося.
Нават старонку “"Экалогія. Завод беленай цэлюлозы. Светлагорск" у сацсетцы ВКонтакте, дзе паведамлялася пра выкіды, непрыемныя пахі і небяспечную экалагічную сітуацыю ў горадзе, сёлета ў траўні ўлады прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі".