Эксперты назвалі праект пункта пахавання радыяактыўных адходаў у Беларусі небяспечным
Выкарыстанне састарэлых расійскіх тэхналогій / LookByMedia
Беларусь прыняла рашэнне выкарыстоўваць састарэлыя расійскія тэхналогіі без аналізу існуючых у свеце альтэрнатыў пры пахаванні радыяактыўных адходаў ад АЭС. Такую выснову зрабілі незалежныя эксперты ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекта "Узвядзенне пункта пахавання і часовага захоўвання радыёактыўных адходаў" у Беларусі.
Агляд падрыхтавалі спецыялісты няўрадавых арганізацый "Экадом" і Solutions for Resilient Communities Inc. (ЗША), эксперт міжнароднай праграмы "Бяспека радыёактыўных адходаў" Андрэй Ажароўскі і незалежны эксперт па радыяцыйнай бяспецы Сяргей Бесараб.
Эксперты ўказваюць, што ў Расіі ўжо існуе аналагічны аб'ект — пункт пахавання радыяактыўных адходаў у Обнінску, які страціў герметычнасць праз 38 гадоў пасля кансервацыі. Паводле іх даных, грунт вакол аб'екта аказаўся забруджаны на глыбіню да васьмі метраў.
У беларускага праекта, як адзначаюць эксперты, ёсць расійскія прататыпы — пункты пахавання на камбінаце "Маяк" і Сібірскім хімічным камбінаце, адкуль, мабыць, запазычана модульная сістэма захоўвання.
Пры гэтым самі расійскія распрацоўшчыкі закладваюць сцэнар, пры якім значныя прасочванні радыяактыўных рэчываў магчымы ўжо ў першыя 100 гадоў эксплуатацыі, тады як ізаляцыя адходаў павінна забяспечвацца не менш за 300 гадоў.
Пункт захоўвання і пахавання радыяактыўных адходаў у Беларусі плануюць пабудаваць да 2030–2031 гадоў у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці.