Каб Бяляцкага пазнавалі лепш, чым Абаму: як еўрапейцы змагаюцца за беларусаў

Нямецка-швейцарскі праваабаронца Ларс Бюнгер упершыню пачуў пра бел-чырвона-белы сцяг у 2000 годзе. А вы?

Нямецка-швейцарскі праваабаронца Ларс Бюнгер упершыню пачуў пра бел-чырвона-белы сцяг у 2000 годзе. А вы? / @rubanau_collage

Дзякуючы Libereco еўрапейскія парламентарыі становяцца хроснымі для беларускіх палітвязняў. А кожны беларускі суддзя атрымлівае ў скрыню ліст з напамінам, чым ён ці яна насамрэч павінен займацца.

Старшыня міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco — Partnership for Human Rights Ларс Бюнгер ужо больш за 20 гадоў уцягнуты ў беларускую праблематыку. Ён кажа, што проста сустрэў правільных людзей, калі ўпершыню прыехаў у Беларусь. Напрыклад, з Франакам Вячоркам пазнаёміўся яшчэ ў 2004 годзе, калі той быў 14-гадовым школьным актывістам — Франак аказаўся "сябрам сяброў".

 

“Я думаў, што ў Беларусі будзе некалькі сотняў палітвязняў. Але не думаў, што іх будзе паўтары тысячы”

— Вы заснавалі Libereco ў 2009 годзе — тады еўрапейскія медыя яшчэ вельмі неахвотна пісалі пра Беларусь. Чаму вы зацікавіліся нашай краінай?

— Упершыню я прыехаў у Беларусь летам 2000 года з маімі сябрамі-скаўтамі. Гэта быў першы асабісты кантакт з беларусамі і беларускай палітыкай. І потым прыязджаў зноў і зноў, лета за летам, — валанцёрыў. І год за годам збліжаўся з беларусамі.

Тады я быў яшчэ студэнтам, і ў Боне ў нас была студэнцкая група Amnesty [арганізацыя Amnesty International. — Еўрарадыё]. Мы працавалі над рознымі тэмамі, і сярод іх сутыкаліся з тэмай моладзевага руху "ЗУБР" у Беларусі. Актывісты гэтага руху сутыкаліся з ціскам з боку ўрада, і Amnesty працавала з іх кейсамі.

Чтобы Беляцкого узнавали лучше, чем Обаму: как европейцы борются за белорусов
Ларс Бюнгер / Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Мы прыязджалі ў Беларусь, кантактавалі з цэнтрам "Вясна" і іншымі актывістамі. А потым мы высветлілі, што Бон — гэта яшчэ і горад-пабрацім Мінска. І так, крок за крокам, усё склалася.

Але, скончыўшы вучобу, мы зразумелі, што Amnesty не можа факусавацца на беларускай тэматыцы так, як нам бы хацелася. Яны робяць шмат, але мы хацелі больш прамога кантакту з беларускімі праваабаронцамі і актывістамі. І вось тады ўжо мы і заснавалі Libereco — новую арганізацыю, якая магла б займацца праблемамі, якімі Amnesty не займаецца. Да моманту стварэння Libereco многія яе заснавальнікі, і я ў тым ліку, ужо шмат гадоў працавалі з тэмай правоў чалавека ў Беларусі ў іншых арганізацыях.

Ад самага пачатку мы заняліся тэмай палітвязняў у Беларусі, і асабліва актыўна працавалі з ёй пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Тады ў нас з'явілася ініцыятыва, падобная да той, якая існуе зараз, — "хросныя" для палітвязняў у парламентах еўрапейскіх краін.

Пасля выбараў 2015 года наступіла зацішша, і мы часова сканцэнтраваліся на іншых тэмах, напрыклад, на тэме бяздомных у Беларусі. Але ў 2020 годзе яшчэ напярэдадні выбараў мы заўважылі, што ў краіне з'яўляюцца новыя палітвязні. І летам 20-га мы зноў запусцілі кампанію "хросных" для палітвязняў. Гэта значыць, што мы звязваемся з членамі парламентаў па ўсёй Еўропе з просьбай звярнуць увагу на палітвязняў у Беларусі, "усынавіць" аднаго з іх і пачаць прыкладаць намаганні, каб вызваліць яго з турмы.

— Ці чакалі вы, што 2020-ы год у Беларусі будзе такім?

— Калі мы пачыналі гэтую кампанію, я меркаваў, што сітуацыя ў 2020-м будзе трохі горшая, чым у 2015-м. Я думаў, што ў Беларусі будзе некалькі сотняў палітвязняў. Але я не мог уявіць, што іх будзе больш за паўтары тысячы. І мы гаворым толькі пра тых людзей, якія афіцыйна прызнаныя палітвязнямі! Ніхто гэтага не чакаў.

Зараз у нас ёсць ужо 400 парламентарыяў, уцягнутых у лёс палітвязняў у Беларусі, і мы працягваем кампанію. Мы атрымліваем шмат падтрымкі па ўсёй Еўропе. Чаму мы робім гэта? Таму што не можам прыняць, што ў Еўропе, зусім блізка да нас, усё яшчэ існуе такая дыктатура. І гэтая дыктатура кідае ў турмы невінаватых людзей — людзей, якія нічога не зрабілі!

Чтобы Беляцкого узнавали лучше, чем Обаму: как европейцы борются за белорусов
Парламентарыі з Германіі і Аўстрыі падтрымалі беларускіх палітвязняў / libereco.org

Яны нічога не скралі, нікога не забілі — невінаватыя людзі трапілі ў турму толькі таму, што яны не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Студэнты, рабочыя — звычайныя людзі, як я і вы. Мы проста не можам дапускаць, каб гэта адбывалася ў Еўропе зноў і зноў.

Зараз вельмі важна, каб на іх не забыліся. Таму што вайна ва Украіне — гэта новы ўзровень катастрофы, і тое, што зараз адбываецца ў Ізраілі і Палестыне, — таксама. Увага ўсіх медыя пераключылася на ваенныя канфлікты. Таму зараз яшчэ больш важна нагадваць: у Беларусі паўтары тысячы палітычных зняволеных усё яшчэ знаходзяцца за кратамі.

 

Што "хросныя" ведаюць пра сваіх падапечных?

— Дарэчы, пра "хросных". Часам да нас звяртаюцца сваякі палітвязняў, якія кажуць, што іх "хросныя" ні разу не выйшлі на сувязь і не паспрабавалі даведацца, чым можна дапамагчы іх падапечнаму. Ці спадзяваліся вы на такія прамыя кантакты парламентарыяў са сваякамі палітвязняў, калі засноўвалі гэтую ініцыятыву?

— Дарэчы, пра "хросных". Часам да нас звяртаюцца сваякі палітвязняў, якія кажуць, што іх "хросныя" ні разу не выйшлі на сувязь і не паспрабавалі даведацца, чым можна дапамагчы іх падапечнаму. Ці спадзяваліся вы на такія прамыя кантакты парламентарыяў са сваякамі палітвязняў, калі засноўвалі гэтую ініцыятыву?

— Галоўнае, чаго мы хацелі — паказаць падтрымку беларускім палітвязням з боку еўрапейскіх парламентарыяў. Нагадаць беларускім уладам, што людзі не забытыя — мы ведаем іх імёны, мы ведаем іх справы. Гэта галоўная мэта кампаніі.

А далей многае залежыць ад саміх парламентарыяў. Хтосьці з іх, можа, і хоча зрабіць больш. Шмат што залежыць ад краіны, ад таго, ці працуе палітык у парламенце на поўную стаўку (напрыклад, у Швейцарыі гэта паўстаўкі). Залежыць ад таго, колькі супрацоўнікаў ёсць у парламентарыя. Шмат у каго з іх няма памочнікаў, і яны вымушаныя рабіць усю працу самастойна — так што сапраўды у іх напружаны графік.

І ўсё ж некаторыя з іх робяць больш, чым мы меркавалі першапачаткова. Яны могуць спрабаваць выйсці на сувязь з беларускімі ўладамі, з пасольствам, са сваякамі. Калі ў сваякоў ёсць неабходнасць звязацца з "хроснымі", яны могуць звярнуцца да нас наўпрост ці ў "Вясну", і мы пастараемся праінфармаваць пра іх запыт парламентарыя.

— Па ініцыятыве Libereco, дваццаць праваабарончых арганізацый з 10 краін свету падпісалі ліст, які быў адпраўлены 413-ці беларускім суддзям. Вы атрымалі адказ?

— Мы не атрымалі адказу ад гэтых суддзяў — мы яго і не чакалі. Кожны з іх атрымаў наш ліст. І гэта папярэджанне: думаю, усе суддзі, усе пракуроры, усе супрацоўнікі турмаў, міліцыі ці КДБ павінны быць у курсе: мы ведаем пра іх злачынствы.

Яны павінны разумець: многія праваабарончыя арганізацыі акурат зараз збіраюць сведчанні іх злачынстваў. І прыйдзе дзень, калі дыктатура абрынецца, і Беларусь стане дэмакратычнай краінай. І тады ўсе людзі, вінаватыя ў затрыманнях і катаваннях нявінных людзей, будуць прыцягнутыя да адказнасці. І гэтыя лісты — наша папярэджанне суддзям. Напамін ім: яны здзяйсняюць злачынства, адпраўляючы ў турмы нявінных людзей.

Але яны могуць сысці з працы, яны могуць з'ехаць у іншую краіну — яны не абавязаныя працягваць парушаць закон. Інакш аднойчы іх прыцягнуць да адказнасці.

— Дзякуючы Libereco імя аднаго з гэтых палітвязняў — Алеся Бяляцкага — гучыць на еўрапейскіх вуліцах. Але калі вы выходзіце на акцыю з яго партрэтам, ці многія еўрапейцы пазнаюць у гэтым партрэце лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру?

— На жаль, не так шмат. Але думаю, сітуацыя падобная для многіх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру апошніх гадоў, калі толькі гэта не Барак Абама. Спытайце, хто атрымаў Нобелеўскую прэмію міру два тыдні таму? Нават я скажу толькі, што гэта праваабаронца, якая змагаецца за захаванне правоў жанчын у Іране — але ў гэтую секунду я не магу, не задумваючыся, назваць яе імя [нагадваем, Нобелеўскую прэмію міру сёлета атрымала Наргіз Махамадзі. — Еўрарадыё].

Чтобы Беляцкого узнавали лучше, чем Обаму: как европейцы борются за белорусов
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага і ўсіх беларускіх палітвязняў у Берліне / libereco.org

Гэта прыцягвае ўвагу, і людзі бачаць, як шмат палітвязняў у Беларусі. Наша мэта якраз ў тым, каб паказаць, колькі людзей гэта закранула.

— Ці дастаткова зрабілі беларусы, каб у нас больш не пыталіся: "Беларусь? Дзе гэта?" Што нам трэба зрабіць, каб усе напэўна запомнілі, што Беларусь — гэта ў Еўропе?

— Я думаю, беларусам не трэба даказваць, што яны частка Еўропы. Яны — частка Еўропы. І калі б патрэбныя былі нейкія доказы, то апошні раз усё даказалі ў 2020 годзе. Людзі выйшлі на пратэст. Для ўсяго свету, не толькі для Еўропы, было відавочна: яны хочуць дэмакратыі і свабоды, яны хочуць быць часткай еўрапейскай супольнасці. Яны — частка дэмакратычнай супольнасці, і больш нічога даказваць не трэба.

Я ведаю Беларусь дастаткова доўга. Пасля 2010 года мне падалося, што беларусы ў дэпрэсіі. Яны не хацелі вайны, як ва Украіне. Яны вырашылі: окей, у нас ёсць Лукашэнка, але, прынамсі, няма ўварвання Расіі. А ў 2020 годзе я ўбачыў людзей, якія паказалі, што яны хочуць яшчэ і свабоды, хочуць дэмакратыі.

Так, мяне здзіўляла, што старэйшае пакаленне падтрымлівае дыктатуру. Але ж у беларусаў проста не было шанцу паспрабаваць пабудаваць дэмакратыю, як у Еўропе, дзе дэмакратыя існуе дзесяцігоддзямі. У вас быў Савецкі Саюз, потым — некалькі гадоў дэмакратыі, а потым прыйшоў Лукашэнка. Проста не было часу, каб вырасла дэмакратыя.

Але маладое пакаленне ведае, як жывуць краіны-суседзі.

Кожны раз, калі я прыязджаў у Беларусь, пачынаючы з 2020 года, я бачыў: у маіх сяброў у Беларусі тыя ж мары, што ў мяне, яны слухаюць тую ж музыку, што і я, хочуць таго ж для сваіх сем'яў, шукаюць таго ж у працы. Яны такія ж, як я. І для мяне даўно зразумела, што беларусы майго пакалення маюць такое ж уяўленне пра свет, як я.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі