Беларуска зацяжарыла ў калоніі, аднак турэмныя лекары адмаўлялі цяжарнасць
Цяжарная жанчына, ілюстрацыйнае фота
Палітзняволеная беларуска Карына правяла ў зняволенні 1 год і 2 месяцы. А пасля вызвалення даведалася, што была цяжарная.
13 снежня Карыну разам з групай палітвязняў прымусова вывезлі з Беларусі. Цяпер яна на пятым месяцы і чакае сына, піша тг-канал @pinkscarvesbelarus.
Увосень 2025 года ў дзяўчыны было спатканне з мужам. Праз месяц пасля гэтага Карына звярнулася да гінеколага ў СІЗА з паведамленнем пра моцныя болі ў грудзях і цягнучыя адчуванні ўнізе жывата. Ёй не далі тэст на цяжарнасць, але адправілі на УГД.
"Лекарка доўга глядзела і сказала, што па фалікуле бачна: месячныя пачнуцца літаральна праз пару дзён. Яна сказала, што я на сто працэнтаў не цяжарная і ўсё гэта праз стрэс", — згадвае Карына.
Толькі пасля вызвалення, ужо ў Германіі, яна зрабіла тэст на цяжарнасць, які паказаў дзве палоскі. Выявілася, што беларуска ўжо на другім трыместры цяжарнасці.
Карына кажа, што спачатку вельмі спалохалася, бо ў калоніі ў яе было шмат нагрузак. На інвентарных працах палітзняволеная цягала камяні, насіла цяжкія торбы, хварэла на грып і бранхіт, прымала лекі, якія цяжарным нельга. Аднак дактары кажуць, што цяпер з дзіцем усё добра.