Севярынец расказаў аб прапанове супрацы з адміністрацыяй турмы
Павел Севярынец / Радыё Рацыя
У Гродзенскай турме Паўлу Севярынцу прапаноўвалі пачаць супрацу з адміністрацыяй. Пра гэта былы палітвязень згадаў у Фэйсбуку.
Падзеі адбываліся ў чэрвені 2024-га. Севярынца выклікалі на "камісію", дзе разглядалі аформленыя на яго "парушэнні".
"Само сабой, да прапановаў, якія гучаць у гэтым кабінеце пад уключаную камеру, вязні ставяцца ўважліва — бо следам за тваім адказам гучыць вырак начальніка.
— Северінец, тут у вас рапорт за нарушеніе формы одежды. Нарушаете. Плохо... Не хотіте ісправляться. Вот что с вамі делать?.."
Пасля гэтай заўвагі начальнік турмы згадаў, што Севярынец працаваў журналістам, і прапанаваў палітвязню напісаць што-небудзь у газету "Трудовой путь".
Далейшы дыялог паміж імі Павел апісвае так:
"— Грамадзянін начальнік, я ж экстрэміст. Як я магу што-небудзь напісаць, ды яшчэ ў газету Дэпартамента выканання пакарання!
— А вы попробуйте, — лагодна працягвае начальнік. — Мы, еслі что, отредактіруем.
— Мае кнігі прызналі экстрэмісцкімі, — кажу. — А ўявіце, што будзе, калі прызнаюць хаця б адну публікацыю ў "Трудовом путі"!
— Ды вы хоть стіхі напішіте, — пачынае губляць цярпенне начальнік. — Мы ж знаем, умеете.
— Грамадзянін начальнік...
— Да, нет?
— Не.
— Десять суток ШІЗО. Ідіте, подумайте.
Думаў я, карацей, да канца жніўня".
Паводле Севярынца, за гэты час яго яшчэ некалькі разоў выклікалі на "камісію", але ў выніку "Трудовой путь" застаўся без карэспандэнта.