Вы тут

Генпракурор Украіны: Ёсць нітачка, якая можа вывесці на забойцаў Паўла Шарамета

Юрый Луцэнка. Фота: Эльдар Сарахман, pravda.com.ua

Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка ў інтэв'ю "Украінскай праўдзе" заявіў, што ёсць прагрэс у расследаванні справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. "У нас цяпер ёсць інфармацыя, якая верагодна выведзе нас як мінімум на выканаўцаў, а затым і на замоўцаў. Але магчыма. Падкрэсліваю гэтае слова", — сказаў Луцэнка. Ён адзначыў, што за апошні месяц следства мае "адну нітачку, якая прывядзе да адказу ў гэтым пытанні".

Па словах Луцэнкі, ён трымае гэта на сваім кантролі. "Ідуць вельмі актыўныя следчыя дзеянні. Кропка. Больш нічога не скажу", — заявіў генпракурор.

Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года — на скрыжаванні вуліц Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага ў Кіеве ўзарваўся яго аўтамабіль. Ва Украіне Шарамет жыў апошнія пяць гадоў, быў вядучым на радыё "Весці", працаваў ва "Украінскай праўдзе". Украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка назваў расследаванне "справай гонару".