Femen: Майдан не зусім наша вайна — наша вайна ў іншым месцы

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да таго, што цяпер адбываецца ў Кіеве на Майдане, ва ўсёй Украіне?

Ганна Гуцол: Безумоўна, мы хвалюемся, перажываем, спадзяёмся на перамогу ўкраінскага народа. Нас радуе тое, што хоць і адзін раз у 10 гадоў, але ўкраінскі народ узнімаецца, і з часам украінскія грамадзяне вырастуць да рэальных грамадзян.

Еўрарадыё: Femen фактычна прыпынілі дзейнасць ва Украіне — вы і вашы бліжэйшыя актывісткі-паплечніцы папрасілі палітычнага прытулку ў Францыі. Тым не менш, вы разглядалі магчымасці ўзяць удзел у акцыях пратэсту на радзіме?

Ганна Гуцол: Femen у акцыях пратэсту ўдзельнічае ўжо пяць апошніх гадоў. І я думаю, што мы былі адной з тых першых ластавак, якія пачалі змагацца з рэжымам Януковіча. Цяпер мы бачым, што выдатна спраўляюцца і без нас — ёсць свае героі, свае пераможцы, на жаль, і свае ахвяры. Мы бралі ўдзел у першых дэманстрацыях, якія праходзілі ў снежні. Цяпер мы абмежаваныя ў рэсурсах.

Еўрарадыё: Вы пра якія рэсурсы кажаце?

Ганна Гуцол: І фінансавыя, і чалавечыя. На жаль, цяпер мы не маем права рызыкаваць, выводзіць на пратэст грамадзянак Украіны. Бо тое, што здарылася з намі летам, паказала, што будуць ставіцца вельмі жорстка, будуць не проста збіваць, а забіваць.

Еўрарадыё: Тым не менш, цяпер на Майдане шмат жанчын, яны ведаюць, чым і дзеля чаго рызыкуюць. А вас, лідараў Femen, там няма?..

Ганна Гуцол: Ну, нашы актывісты, якія засталіся ва Украіне, таксама ходзяць на Майдан і выконваюць тую працу, якую робяць іншыя людзі там: хто робіць бутэрброды, хто дапамагае прэсе, хто працуе ў інфацэнтры. Майдан жыве сваім жыццём, сваім змаганнем — у яго ўсё выдатна і без нас. Мы патрэбныя ў крайніх выпадках, я так лічу.

Еўрарадыё: Не думаю, што вашы правакацыйныя топлес-акцыі зашкодзілі б пратэстнаму настрою Майдана…

Ганна Гуцол: Насамрэч, наш рух — міжнародны. Так, ён нарадзіўся ва Украіне, але ў нас апроч Украіны яшчэ вельмі шмат краін і вельмі шмат спраў. У нас няма расчаравання з той нагоды, што мы дзесьці не ўзялі ўдзелу. Мы ўдарым, але мы ўдарым з іншага боку. Мы не воіны, Femen — гэта не хлопцы з “кактэйлямі Молатава”. У нас свая тактыка — тактыка сэкстрэмізму.

Еўрарадыё: У вас была магчымасць “злавіць” Януковіча ў Сочы.

Ганна Гуцол: У нас вельмі шмат планаў, і мы не будзем раскрываць месцы, якія мы для сябе бачым і ўяўляем. Віктар Фёдаравіч, вядома, перасоўваецца мала па нармальных краінах, усё больш у госці да сваіх сяброў-дыктараў заязджае. А нам у Расію абмежаваны ўезд — 8 нашых актывістаў маюць статус персон нон-грата. Так што, у гэтую краіну нам патрапіць нават складаней, чым ва Украіну, але мы абавязкова яго зловім.

Еўрарадыё: Раней ў размове з Еўрарадыё вы негатыўна выказваліся пра ўсіх лідараў украінскай апазіцыі. Як вы сёння ацэньваеце дзеянні “вядучай тройкі” Клічко-Яцанюк-Цягнібок?

Ганна Гуцол: Я іх інакш, як “Гайдаеўскай тройкай” назваць не магу — Трус, Балбес і Бывалы. Я на тое, што яны робяць, без слёз глядзець не магу. Мне шкада наш народ, што мы не маем лідараў апазіцыі. Пра гэта мы казалі ўжо даўно, казалі, што нават Цімашэнка з яе сіламі не з’яўляецца апазіцыяй, не з’яўляецца сапраўдным прадстаўніком інтарэсаў народа. Магчыма, гэта рэвалюцыя народзіць новых лідараў, і яны будуць з народа, з барыкад, з Майдана, з вайны.

Еўрарадыё: Магчыма, тое, што не атрымліваецца, па вашых словах, у Клічко, Яцанюка і Цягнібока, атрымалася б у Ганны Гуцол?

Ганна Гуцол: Ведаеце, малавата маштабу!

Еўрарадыё: У Майдана для вас?!

Ганна Гуцол: Я ж кажу, мы не абмяжоўваем свае інтарэсы Украінай. Гэта увесь свет, гэта абарона правоў жанчын ва ўсім свеце. Мы свядома пайшлі шляхам міжнароднага жаночага руху. І калі мы з вамі размаўляем пра Украіну, я разумею, што гэта толькі адна з тэм, якія нас тычацца. Мы ідзем далей і далей, развіваем свае ідэі. І, на жаль, паўнавартасна, як хацелася б ці не хацелася б украінцам, мы не можам дапамагчы ў гэтай барацьбе. Бо гэта не зусім наша вайна — наша вайна ў іншым месцы. Увогуле, мне падаецца, што Майдан — гэта фальстарт. Трэба было ўсю гэтую ярасць да 2015 года прытрымаць, каб рэальна яго змясціць падчас выбараў, прагаласаваць як мае быць. Я баюся, каб не напаткала людзей апатыя і Януковіч не перамог на выбарах з-за простага расчаравання і апатыі. Спадзяюся, гэтага не здарыцца. І яшчэ больш я баюся дзеянняў Пуціна пасля Алімпіяды, мне падаецца, што ён цалкам можа скарыстацца гэтай сітуацыяй, каб забраць частку Украіны. Як гэта было ў выпадку з Грузіяй. У такім выпадку, я баюся, што гэта будзе вайна. А ў нас засталіся родныя і блізкія ва Украіне, вайны не хацелася б.

Еўрарадыё: Вы імігравалі ва Францыю, цяпер у Парыжы — складана жыць і дзейнічаць?

Ганна Гуцол: Вымушаная іміграцыя нас яшчэ больш аб’яднала і ўмацавала. Цяпер мы ўсе разам жывём у нашым трэніровачным цэнтры ў Парыжы — трэніруемся, працуем. Падалі дакументы на атрыманне статуса палітуцекача, але пакуль знаходзімся ў статусе бяспраўнага.

Еўрарадыё: Вы ў інтэрв’ю Еўрарадыё сцвярджалі, што вашы акцыі не былі праплачаныя і што вы існавалі за кошт ахвяраванняў. Тым не менш, вы не толькі спакойна змаглі іміграваць у Парыж, але і маеце там за што жыць, адкрылі трэніровачны лагер…

Ганна Гуцол: Нядрэнна было б, каб наша краіна падпісала Дамову аб асацыяцыі з ЕС, і каб нашы людзі, дзякуючы гэтаму, сталі лепш разумець і ўспрымаць Еўропу! Трэба пазбаўляцца ад міфічнага ўяўлення: “Парыж!”. Нібыта гэта месца, дзе ўсе ядуць круасаны, п’юць каву ў дарагіх кафэшках і нічога не робяць — па вуліцах бадзяюцца. У Парыжы гэтак жа складана жыць, як і ў Кіеве, Данецку ці Маскве. Мы па-ранейшаму жывём за кошт ахвяраванняў, нашай крамы. А цэнтр — гэта захопленая намі і іншымі актывістамі тэрыторыя, база. У Францыі ёсць такі закон, які дазваляе пад арт-дзейнасць і грамадзянскую дзейнасць “захопліваць” пустыя тэрыторыю: калі вы гатовыя добраўпарадкаваць гэтую тэрыторыю і ўвесці яе ў эксплуатацыю, карысную для грамадства, то вы маеце права ёй распараджацца. Так мы і зрабілі. А калі цікава, як мы там жывём-шыкуем, то прыязджайце да нас у госці, паварыце з намі кашу, пасядзіце з намі ля абагравальніка бо няма ацяплення, пахадзіце пешкам, бо няма грошай на транспарт.

                                     Аляксандра Шаўчэнка і Ганна Гуцол

Еўрарадыё: У сваіх “парыжах” вы не забыліся пра абяцанне не забывацца пра беларускага лідара?

Ганна Гуцол: Не, канешне! Але ведаеце, нам важна яго злавіць. На жаль, мы пакуль не гатовыя ехаць у вашу краіну, гэта смяротна небяспечна. Але мы сочым і ўсё шукаем сродак: як жа гэта зрабіць максімальна балюча для Лукашэнкі.

Фота: Змітра Лукашука, відэа: http://femen.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі