Еўрадэпутаты заклікаюць перастаць пускаць беларускіх дыпламатаў у Еўрапарламент

Будынак Еўрапарламента ў Брусэлі
Будынак Еўрапарламента ў Брусэлі

Еўрапейскі парламент мусіць адрэагаваць на высылку польскіх дыпламатаў з Беларусі. Так лічаць восем дэпутатаў ЕП. Сваю пазіцыю яны выказалі ў лісце, адрасаваным старшыні структуры Давіду Сасолі.

Аўтары дакумента нагадваюць, што ў кастрычніку 2020 года беларускія ўлады патрабавалі ад Літвы і Польшчы скараціць персанал у сваіх пасольствах у Беларусі. У адказ на гэта некалькі краінаў ЕС, а таксама ЗША і Вялікабрытанія таксама адклікалі сваіх паслоў з Мінска. "Самая апошняя атака на еўрапейскіх дыпламатаў адбылася на гэтым тыдні", — дадаюць яны, маючы на ​​ўвазе высылку польскага консула з Брэста.

Аўтары ліста заклікалі Сасолі ініцыяваць "адпаведны адказ Еўрапейскага парламента, абмежаваўшы доступ у Еўрапарламент для супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў Бруселі. Колькасць супрацоўнікаў беларускай амбасады, якія маюць фізічны або аддалены доступ да сустрэч, якія праводзяцца Еўрапарламентам, мусіць быць абмежаваная". Акрамя таго, лічаць яны, камунікацыі з амбасадай у бельгійскай сталіцы мусяць быць перагледжаныя.

Ліст падпісалі Пятрас Аўштравічус, Роберт Бедрань і іншыя еўрадэпутаты з Літвы, Польшчы, Іспаніі, Францыі і Венгрыі.

Ужо пасля таго, як ліст быў адпраўлены, дыпламатычны канфлікт паміж Польшчай і Беларуссю зрабіў яшчэ адзін віток. Варшава прызнала персонамі нон грата беларускіх консулаў у Беластоку і Варшаве, Мінск — польскага консула ў Гродне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі