"Дата генератар": 28 кастрычніка 1563 — першае выданне паэмы "Песня пра зубра"

"Дата генератар": 28 кастрычніка 1563 — першае выданне паэмы "Песня пра зубра"

“Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго” — паэма паэта-лацініста Міколы Гусоўскага (каля 1472 — каля 1534), які паходзіў з цэнтральнай Беларусі, з сям’і лесніка вялікага князя.

Літаратуразнаўцы лічаць, што “Песня пра зубра” на працягу больш як 300 гадоў з’яўлялася найлепшым эпічным расказам пра Беларусь і беларускі народ, пакуль не была надрукавана паэма Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1834).

Гусоўскі напісаў паэму ў 1522 годзе, калі знаходзіўся ў Рыме ў складзе дыпламатычнай місіі ВКЛ. Ён зрабіў гэта на заказ папы рымскага Льва Х Медычы, які пажадаў больш даведацца і пра ВКЛ, і асабліва пра незвычайнага звера — зубра, што жыў у тамтэйшых лясах. А 24 красавіка наступнага года яна выйшла з друку ў Кракаве. Аўтар прысвяціў яе каралеве Боне Сфорца.

У паэме можна вылучыць пяць галоўных тэм, або матываў.

1. Гусоўскі падрабязна расказаў пра знешні выгляд і звычкі зубра, найбольш буйной жывёлы сярод тых, што вадзіліся на землях ВКЛ.

2. Ён уславіў паляванне на зуброў, вепрукоў ды мядзведзяў як добрую школу ваеннага выхавання і адзначыў, што ў часы панавання вялікага князя Вітаўта кожны шляхціч мог сцвярджаць сваю годнасць праз гераічныя спаборніцтвы, і перш за ўсё — падчас палявання.

3. Менавіта Вітаўт — цэнтральны вобраз твора. Гусоўскі параўнаў з зубром мужнага і моцнага духам вялікага князя. Калі зубр — гаспадар лясоў ды палёў, то Вітаўт — гаспадар сярод людзей. Ён уславіў Вітаўта як мудрага правіцеля дзяржавы і сапраўднага патрыёта Айчыны.

Вітаўт апекаваў тых, каму дазваляў уладарыць,

Воляю князя васал жыў або траціў жыццё,

Быццам нявольнік які, маскавіт яго зваў уладыкам,

Хоць і магутным царом быў сярод многіх цароў.

"Дата генератар": 28 кастрычніка 1563 — першае выданне паэмы "Песня пра зубра"
"Песня пра зубра". Плакат Уладзіміра Крукоўскага / plakat.unid.by

4. Аўтар падкрэсліў і тое, што Вітаўт “быў набожны і першы з народам княства сам ахрысціўся”, што ён “цэрквы Богу адзінаму скрозь будаваў”. А пасля гэтага сцверджання заклікаў да яднання ўсе народы Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якім у тыя часы моцна пагражала нашэсце туркаў-асманаў.

Як мы ведаем, тая пагроза існавала яшчэ 160 гадоў пасля выдання паэмы, да 1683 года, калі кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі разбіў ушчэнт турак пад Венай.

5. Гусоўскі прыгожа і досыць падрабязна расказаў пра свой край і народ. Ён апісаў беларускія лясы і палі, рэкі ды азёры, жывёл і птушак, а галоўнае — тамтэйшых жыхароў. Праз вобраз прыроды Гусоўскі ўспрымаў сваю Радзіму і ставіўся да яе як да крыніцы патрыятызму. 

***

Існуюць тры пераклады паэмы на нашу мову: Наталлі Арсенневай, Язэпа Семяжона (1969) і Уладзіміра Шатона (1991). З іх найбольш падобны да арыгінала пераклад Шатона.

Паэма за 35 гадоў 9 разоў выходзіла асобнымі выданнямі на беларускай мове: у 1973, 1977, 1980, 1981, 1994, 1998, 1999, 2006, 2007 гг.

Мастак Яўген Кулік стварыў добрыя малюнкі да выдання 1980 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі