Вы тут

"Дата генератар": 25 верасня — дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага

.

У нашай гісторыі вядомыя два Агінскія — абодва Міхалы: Міхал Казімір (1730–1800) і Міхал Клеафас (1765–1833). Першы праславіўся тым, што ў 1765–75-х збудаваў канал свайго імя, які злучыў Дняпро з Нёманам. Другі найбольш вядомы музычнымі творамі і мемуарамі. Сёння мы крыху паразмаўляем пра Міхала Клеафаса.  

Ён нарадзіўся 25 верасня (па старым стылі) 1765 года. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасці да замежных моў і музыкі.

Спачатку, у апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай і ВКЛ, знаходзіўся на дзяржаўнай службе. У 1788 годзе (у 23 гады) быў прызначаны камісарам (упаўнаважаным) скарбовай камісіі ВКЛ, у 1789-м — мечнікам літоўскім, у 1789–91-х быў пасланнікам у Галандыі.

У 1791 годзе Агінскі вярнуўся на радзіму — і ў Магілёве прысягнуў расійскай імператрыцы Кацярыне II. Праз гэта ён захаваў свае маёнткі ва ўсходняй частцы ВКЛ, якая ўжо амаль 20 гадоў належала Расіі. А пасля таго як у 1793 годзе перамаглі Таргавіцкія канфедэраты, ён таксама прысягнуў і ім. Новыя ўлады ВКЛ вярнулі яму канфіскаваныя раней маёнткі ў заходняй частцы краіны. Больш за тое, у 1793–94-х Міхал Клеафас займаў пасаду вялікага падскарбія літоўскага.

Аднак увесну 1794 года ён далучыўся да віленскіх паўстанцаў (на чале з Якубам Ясінскім) і увайшоў у склад Найвышэйшай Літоўскай Рады. Ахвяраваў на патрэбы паўстання 188 тысяч злотых (велізарныя грошы на той час), за ўласны кошт сфарміраваў аддзел з 480 стральцоў і 200 конных егераў. У чэрвені таго ж года двойчы з гэтым адзелам спрабаваў прабіцца ў Мінскую губерню, каб падняць паўстанне. У жніўні 1794-га зрабіў рэйд да Дынабурга (Даўгаўпілса) і далей на захад. Змагаўся там супраць войск прускага караля Фрыдрыха II. Але пасля таго як расійцы захапілі Вільню, Агінскі з’ехаў у Варшаву, а адтуль у Аўстрыю. Жыў у Вене, потым у Венецыі, у Парыжы.

За ўдзел у паўстанні ўсе яго маёнткі царскія ўлады канфіскавалі. Аднак праз 8 гадоў князь Адам Чартарыйскі дамогся ад цара Аляксандра I дазволу Агінскаму вярнуцца на радзіму. У Гародні Міхал прысягнуў Аляксандру і атрымаў назад усе канфіскаваныя маёнткі. Пасяліўся у маёнтку Залессе Ашмянскага павета, непадалёк ад Смаргоні. Пабудаваў тут новы палац, уладкаваў парк у англійскім стылі, сабраў вялікую бібліятэку.

У 1810 годзе атрымаў ад цара пасаду сенатара Расійскай імперыі і чын тайнага саветніка. Міхал Клеафас некалькі разоў сустракаўся з Аляксандрам I — у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску. У траўні 1811-га падаў яму план аднаўлення ВКЛ у выглядзе аўтаноміі ў складзе Расійскай імперыі. План быў добры, вось толькі цар зусім не збіраўся ствараць нейкую аўтаномію і проста дурыў галаву тутэйшай шляхце.

Напярэдадні вайны 1812 года Агінскі ад’ехаў у Пецярбург, дзе знаходзіўся да канца вайны. А потым яшчэ каля 10 гадоў жыў у Залессі. Аднак у 1823-м разам з жонкай і дзецьмі з’ехаў у Італію, жыў у Фларэнцыі, дзе і памёр праз 10 гадоў, 15 кастрычніка 1833 года. Быў ён, карацей, сапраўдным еўрапейцам.

Міхал Клеафас Агінскі сёння найбольш вядомы як кампазітар. Ён стварыў шмат маршаў і баявых песень, п’ес для фартэпіяна, паланэзаў, мазурак, вальсаў, рамансаў. Самы вядомы яго твор — цудоўны паланэз "Развітанне з Радзімай".

Агінскі таксама стварыў трактат "Лісты пра музыку" (1828), а ў 1826-27-х у Парыжы выдаў на французскай мове 4-томныя "Мемуары пра Польшчу і палякі з 1788 па 1815 гг.". Але, вядома ж, гаворка там ідзе аб Літве-Беларусі і яе жыхарах — ліцвінах. Бо большасці вядомая старая формула: "Мы — шляхта польская паходжання літоўскага".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.