Вы тут

"Дата генератар": 2 кастрычніка 1413 года — Гарадзельская унія

.

Гэта дамова пра ваенна-палітычны хаўрус між Польшчай і ВКЛ, якую падпісалі 2 кастрычніка 1413 года вялікі князь Аляксандр (Вітаўт) і кароль Уладзіслаў (Ягайла) у польскім замку Гародла на рацэ Заходні Буг.

Новая дамова азначала для Вітаўта вырашэнне некалькіх задач.

Перш за ўсё, яму было трэба супакоіць найвышэйшае кіраўніцтва каталіцкага касцёла, якое было моцна збянтэжана і раззлавана разгромам Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве ў ліпені 1410 года.

Па-другое, пасля падпісання мірнай дамовы з ордэнам у Торне (1411) новы вялікі магістр Генрых Пляўэн энергічна адраджаў вайсковую моц рыцарскай дзяржавы. Гэта азначала магчымасць новай вайны. Таму і Вітаўт, і Ягайла лічылі неабходным зацвердзіць свой хаўрус на перспектыву.

Па-трэцяе, Вітаўт імкнуўся юрыдычна замацаваць незалежнасць ВКЛ ад Польскага каралеўства.

Адпаведна, у Гародле былі падпісаныя 3 прывілеі (граматы).

Першы — ад імя 47 польскіх феадалаў надзяляў літоўскіх феадалаў-каталікоў прыватнымі гербамі і тым самым прымаў іх у сваё шляхецкае брацтва.

У другім — 45 літоўскіх феадалаў пацвярджалі прыняцце імі гэтых гербаў і абяцалі быць з польскімі “братамі” ў вечным сяброўстве. Гэта мела важнае значэнне менавіта ў выпадку новай вайны з тэўтонцамі. 

У трэцім прывілеі першы артыкул абвяшчаў “далучэнне, уключэнне, злучэнне” ВКЛ з Польшчай. У ВКЛ уводзілася аднолькавае з Польшчай адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы і кашталяніі. Вітаўт абавязваўся прызначаць на дзяржаўныя пасады ВКЛ толькі шляхцічаў-каталікоў, якія маюць гербы. Усе каталіцкія касцёлы на землях ВКЛ (іх было мала) з гэтага моманту атрымалі тыя ж правы, што і ў Польшчы.

Выразны пракаталіцкі характар трэцяга прывілея вынікаў з імкнення Вітаўта здабыць падтрымку імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і папы рымскага. Таму ён пагадзіўся зрабіць каталіцтва фармальна прывілеяваным веравызнаннем.

Аднак усе напышлівыя фразы прывілея пра “далучэнне, уключэнне, злучэнне” ВКЛ з Польшчай не мелі рэальнага значэння, бо ўзаемаадносіны паміж імі складаліся выключна на падставе асабістай уніі.

На самай справе галоўным быў той артыкул прывілея, які ўводзіў правіла, што пасля смерці Вітаўта паны (магнаты) і баяры (шляхта) ВКЛ выбіраюць новага вялікага князя са згоды Ягайлы (або яго наступніка) ды польскіх магнатаў, а тыя пасля смерці Ягайлы выбіраюць новага караля са згоды Вітаўта (або яго наступніка), паноў і баяр ВКЛ.

Гэты артыкул юрыдычна замацаваў выбранне вялікага князя. Тым самым ён абвяргаў словы 1-га артыкула пра “далучэнне, уключэнне, злучэнне” ВКЛ з Каралеўствам Польскім. Бо калі феадалы ВКЛ самі выбіраюць свайго вялікага князя, то захоўваецца самастойнасць дзяржавы. А патрабаванне абрання караля Польшчы толькі са згоды Вітаўта і феадалаў ВКЛ сведчыць аб раўнапраўным становішчы ВКЛ і Польшчы.

Сцверджанне, што ўсе некаталікі (перш за ўсё праваслаўныя, бо менавіта яны складалі абсалютную большасць насельніцтва княства) не павінны займаць дзяржаўныя пасады і быць сябрамі рады паноў (магнатаў), мела ідэалагічны, а не практычны характар. На самай справе значная частка паноў-рады і большасць мясцовых кіраўнікоў былі менавіта з праваслаўных. Больш за тое, праваслаўныя князі і буйныя баяры з Полацкага, Віцебскага, Смаленскага княстваў не прысутнічалі ў Гародле, таму акты уніі іх не датычылі, а самі княствы захавалі шырокую аўтаномію ў ВКЛ.

Наогул, усе уніі і пагадненні з Польшчай, падпісаныя да Люблінскай уніі (у 1386, 1392, 1401, 1413, 1432, 1446, 1501 гг.) не азначалі аб’яднання дзвюх дзяржаў у адну. Люблінская ж унія прадугледжвала гэта, аднак дзяржаўныя дзеячы ВКЛ пры дапамозе спачатку Стафана Баторыя, а потым Жыгімонта III Вазы здолелі пазбегнуць аб’яднання!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.