Ці дапамогуць жорсткія санкцыі даць свабоду палітзняволеным?

Ці дапамогуць жорсткія санкцыі даць свабоду палітзняволеным?

Каардынацыйная рада арганізавала чарговую дыскусію па набалелым пытанні: што перашкаджае вызваліць палітвязняў у Беларусі? Паводле падлікаў праваабаронцаў, іх у краіне ўжо паўтары тысячы. Рэпрэсіі на працягу трох гадоў не прыпыняюцца, а толькі ўзмацняюцца. Ці дапамогуць санкцыі? Ці пагаджацца на перамовы, з кім і на якіх умовах дамаўляцца? Якія яшчэ стратэгіі выпрацаваць?

Пра гэта ў дыскусіі, якую транслявала “Еўрарадыё” і мадэраваў Аляксандр Кныровіч, гаварылі былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, прадстаўнік супольнасці сваякоў былых палітвязняў Аляксандр Лойка, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

Аб’яднацца або адасобіцца?

— Мы як офіс і прадстаўніцтва нацыянальнага лідара ўсе стратэгіі гатовыя выкарыстоўваць, у тым ліку далучаць замежныя дзяржавы. У нас ёсць спадзяванні, што пэўную ролю ў вызваленні палітычных вязняў могуць адыграць Швейцарыя і Ватыкан. Тут ніякіх дэталяў я вам не скажу. Але таксама вялікую ролю могуць адыграць замежныя дыпламаты, якія знаходзяцца ўнутры краіны, і яны ўжо вялікую частку працы робяць, — пачаў Франак Вячорка.

Абмяркоўваць удзел знешніх сіл у вызваленні палітвязняў у Беларусі прысутныя не сталі. Дыскусія ішла вакол прапановы ад гэтай кропкі пайсці рознымі шляхамі. То бок раз'яднаць намаганні тых, хто спрабуе вырашыць пытанне ў палітычным полі, і тых, хто займаецца палітвязнямі з гуманітарнага пункту гледжання.

Ці дапамогуць жорсткія санкцыі даць свабоду палітзняволеным?
Франак Вячорка кажа, што ў вызваленні палітвязняў могуць дапамагчы дыпламаты / Еўрарадыё

— На мой погляд, немагчыма выпрацаваць адзіную стратэгію, пакуль мы не дамовіліся аб тым, каб вызваленне палітвязняў стала мэтай, а не інструментам. Мы можам часта чуць словы, што мы сядзем за стол перамоў з прадстаўнікамі рэжыму, толькі калі спыняцца масавыя рэпрэсіі і будуць вызваленыя ўсе палітзняволеныя. Але, на жаль, сітуацыя складваецца такім чынам, што ні палітвязні не выйдуць, ні перамоў ніякіх не будзе, — заўважае прадстаўніца Аб’яднанага кабінета Вольга Гарбунова.

Яна прапаноўвае не рабіць палітзняволеных часткай палітычнай барацьбы, а сканцэнтраваць увагу менавіта на дапамозе ім.

Ці дапамогуць жорсткія санкцыі даць свабоду палітзняволеным?
Вольга Гарбунова прапаноўвае адасобіць пытанне палітвязняў ад дасягнення палітычных мэтаў / Еўрарадыё

Гэтую думку падтрымлівае Аляксандр Лойка, прадстаўнік руху сваякоў палітвязняў:

— Трэкі трэба падзяліць і гуманітарны трэк не мяшаць з палітычным. І пачаць з маленькіх крокаў, маленькіх перамоў. Не трэба агучваць, што са Швейцарыяй, амерыканцамі ці прадстаўнікамі іншых краін вядуцца перамовы. Гэта ўсё павінна праходзіць кулуарна.

Аляксандр Кабанаў бачыць у гэтым супярэчнасць: ён кажа, што калі людзі трапілі ў турму паводле палітычных матываў, іх немагчыма аддзяліць ад палітыкі.

— У тым і праблема, што гэта пытанне палітычнае. Не трэба баяцца гэтага слова. Пакуль не зменіцца ўлада ў Беларусі, мы не можам казаць, што спыняцца рэпрэсіі і будуць вызваленыя ўсе людзі, — лічыць былы палітвязень.

Санкцыі як ультыматум і дамоклаў меч

— У першую чаргу, я думаю, павінен быць выпрацаваны сумесны жорсткі пакет санкцый. Гэта не пра тое, што іх трэба ўводзіць. Гэта інструмент, які ўладам Беларусі мусіць быць прадстаўлены, і пастаўлены ўльтыматум: у выпадку невыканання пэўных умоў будзе ўведзены гэты пакет. Калі вы не выканаеце іх у далейшым, будзе ўведзены наступны пакет…  Гэта ціск. Там голасу розуму не чуюць. Лукашэнка помсціць і не спыніцца помсціць, — працягвае Кабанаў.

Ці дапамогуць жорсткія санкцыі даць свабоду палітзняволеным?
Кабанаў прапаноўвае размаўляць з рэжымам з пазіцыі сілы і ціску / Еўрарадыё

Франак Вячорка як дарадца Святланы Ціханоўскай таксама лічыць, што акрамя санкцый іншага спосабу ўплываць на рэпрэсіўны рэжым няма. Гэта вынікае не толькі з цяперашняй сітуацыі, але і з папярэдняга досведу.

Як прыклад ён прывёў вызваленне Казуліна і іншых палітыкаў у 2008 годзе, калі намеснік дзяржсакратара ЗША па правах чалавека Дэвід Крэмер паставіў ультыматум: або цягам месяца вызваляюць людзей, або санкцыі на “Белнафтахім” і ўсю нафтаапрацоўку.

— Мы працуем з ірацыянальным рэжымам. Калі ён бачыць слабасць, калі яму ідуць на саступкі, ён пачынае хапаць яшчэ людзей. Таму сапраўды, як дамоклаў меч, над рэжымам павінен вісець магутны інструмент ціску. Каб ён ведаў, што за кожнага палітвязня ён будзе дорага плаціць, страчваць уладу. Цяпер ён гэтага не адчувае, бо пачынаецца дыскусія пра палёгкі, змякчэнне: “давайце адменім санкцыі, можа, людзей павыпускаюць”, — кажа Вячорка.

Прыкладам жорсткіх санкцый, на думку экспертаў, магло б быць закрыццё мяжы для грузаперавозак. Але вялікія краіны Еўрасаюза праз свае бізнес-інтарэсы пакуль на гэта не гатовыя пайсці. Таксама могуць быць уведзеныя санкцыі супраць фінансавай сістэмы, каб рэжым не мог гандляваць і праводзіць фінансавыя аперацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі