Вы тут

Частка спраў рэпрэсаваных у Беларусі не трапіць у агульныя архівы да 2081 года

Фота: tut.by

Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд 1 верасня атрымаў з Адміністрацыі прэзідэнта адказ на свой запыт пра справы рэпрэсаваных. Гісторык прапаноўваў адкрыць доступ да справаў людзей, рэпрэсаваных у 1930-х гадах. Гэтыя справы старэйшыя за 75 гадоў, таму згодна з законам "Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь" іх можна адкрываць. 

Таксама Дрозд прапанаваў перадаць справы рэпрэсаваных з архіваў КДБ і МУС у агульнадаступныя дзяржаўныя архівы, Дэпартамент па архівах і справаводстве.

У адказе, які атрымаў гісторык, гаворыцца, што тэрмін абмежавання справы ў спецархівах адлічваецца не з даты стварэння справы, а з года рэабілітацыі, што падаўжае абмежаванне доступу да гэтых спраў да 2035-2065 гадоў. 

Акрамя таго, падоўжаны тэрмін перадачы спраў з ведамасных архіваў у дзяржаўныя. Паводле закону, ён складае 30 гадоў. Але новыя дамовы падоўжылі гэтыя тэрміны для архіваў КДБ і МУС яшчэ на 75 гадоў. Гэта азначае, што перадача такіх дакументаў не плануецца як мінімум да 2081 года. 

"Такім чынам, фонды КДБ і МУС не будуць перададзеныя ў дзяржаўныя архівы ні пры нашым жыцці, ні, хутчэй за ўсё, пры жыцці нашых дзяцей і ўнукаў. Г.зн. спачатку мы зможам азнаёміцца ​​з "асабістай таямніцай" рэальных злачынцаў: забойцаў, гвалтаўнікоў ці паліцаяў, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях супраць мірнага насельніцтва, усіх тых, хто здзейсніў рэальныя злачынствы і не быў рэабілітаваны, а ўжо потым з справамі нявінна забітых сталінскім рэжымам!!! Зрэшты, не зможам — не дажывем", — канстатуе Дрозд на сайце Беларускага дакументацыйнага цэнтра.