Чалы: Заява пра жыраванне банкаў — рытуальны заклік

Як паведамляла Еўрарадыё, на нарадзе па эканоміцы 11 лістапада Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся наконт банкаў. Ён запатрабаваў "прычасаць усе банкі пад адзін грэбень" і не даць ім жыраваць. Нібыта, банкі бяруць грошы пад 15-20% а потым прадаюць іх яшчэ на 15-20% даражэй. 

Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што не ўсё так вясёлкава выглядае з боку банкаў:

Чалы: "Дэпазіты насельніцтва — гэта якраз адна з самых дарагіх крыніц папаўнення пасіваў. Не дзіўна, што дэпазіты насельніцтва ператвараюцца ў крэдыты таму ж насельніцтву пад значна больш высокія адсоткі. А што датычыць крэдытаў для камерцыйных прадпрыемстваў, то там і так ужо існуе адміністрацыйна ўсталяваная Нацбанкам столь па адсоткавых стаўках, па якіх можа адбывацца крэдытаванне".  

Па словах эксперта, банкі рабілі б меншы адсотак для крэдытаў, каб былі ўпэўненыя ў іх вяртанні. А сёлета наадварот яны шукаюць надзейных заёмшчыкаў.

З іншага боку, адзначае Чалы, заклікі спыніць жыраванне банкаў гучаць ужо не першы раз. Прыкладна год таму Лукашэнка заклікаў прыструніць камерцыйныя банкі. Аднак тады банкі праігнаравалі гэтыя заклікі:

Чалы: "Я думаю, што і Нацбанк цудоўна разумее, што ёсць межы, ніжэй за якія няма сэнсу рухацца. З аднаго боку, гэта з'яўленне занадта танных беларускіх рублёў, якія апынаюцца на валютным рынку і аказваюць ціск на фінансавую стабільнасць. А з другога боку, гэта падрыванне ўстойлівасці гэтых самых камерцыйных банкаў"

Таму заклікі Лукашэнкі наконт банкаў Чалы ацэньвае як рытуальныя.