Без намёкаў. Як дыктатар выкарыстоўваў акультныя практыкі

Без намёкаў. Як дыктатар выкарыстоўваў акультныя практыкі

У ідэалогіі гэтага дыктатара знайшлося месца і хрысціянскім догматам, і акультным практыкам.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, якое месца ў жыцці Гітлера займалі тагасветныя сілы. Гэта экскурс у сусветную гісторыю. Усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі — выпадковыя.

Акультызм у Трэцім Рэйху спарадзілі незлічонае мноства кніг, фільмаў, відэагульняў і псеўданавуковых тэлеперадач з расійскага тэлеканала “РЭН-ТВ”. Але некаторыя з гэтых з'яваў мелі месца ў рэчаіснасці.

Пазалаці ручку Трэцяму Рэйху

Пасля прыходу да ўлады ў 1933 годзе нацысты ўзялі пад кантроль астролагаў, празорцаў і варажбітак, але гэта не было мэтаскіраванай акцыяй: пад кантроль узялі ўсе вольныя прафесіі Веймарскай рэспублікі. Логіка простая: хочаце зарабляць грошы прыватнай практыкай і выдаваць часопісы? Рэгіструйцеся ў Імперскай палаце літаратуры, міністэрстве аховы здароўя, гестапа і іншых дзяржаўных інстытутах. Нацысцкіх чыноўнікаў хваляваў не антынавуковы характар ​​акультных вучэнняў, а ўсяго толькі грошы.

Больш за тое, многія кіраўнікі дзяржавы — Гітлер, Гімлер і Гебельс — самі захапляліся эзатэрычнымі практыкамі: ад астралогіі да варажбы па маятніку. Менавіта таму рэпрэсіі супраць акультыстаў ніколі не даходзілі да жорсткасці, з якой Рэйх распраўляўся з камуністамі, гомасэксуаламі, не кажучы ўжо пра габрэяў.

Цёмныя часы для цёмнай магіі

Параўнальна спакойнае жыццё астролагаў і акультыстаў у Трэцім Рэйху абарвалася 10 траўня 1941 года. Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў фюрара Рудольф Гес на асабістым самалёце паляцеў у Вялікабрытанію, каб заключыць мірную дамову з урадам Чэрчыля. Перад вылетам Гес кансультаваўся аб выбары найлепшай даты для свайго мерапрыемства з астролагамі, у тым ліку ўласным падначаленым Шультэ Штратхаўсам.

Без намёкаў. Як дыктатар выкарыстоўваў акультныя практыкі
Рудольф Гес

9 чэрвеня 1941 года шэф Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі Рэйнхард Гейдрых запусціў так званую “Акцыю Геса”: поўнамаштабныя рэпрэсіі супраць германскіх эзатэрыкаў. Сотні акультыстаў былі затрыманыя ці арыштаваныя, а тысячы кніг і прадметаў эзатэрычнай скіраванасці — канфіскаваныя. Гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што гэтая літаратура не была спаленая, як раней практыкавалі нацысты. Гэта намякала на тое, што да гэтых кніжак яшчэ вернуцца.  

Аднак няўдалы для нацыстаў ход баявых дзеянняў падарваў пазіцыі “рацыяналістаў” накшталт Бормана і Гейдрыха, якія праводзілі “Акцыю Геса”.  Гітлер, Гебельс і Гімлер вылучалі ўсё больш сродкаў акультным навукам. Сам фюрар у 1942 годзе прызнаў, што "без магіі і забабонаў народ не можа растлумачыць непрадбачаныя падзеі, якія нельга прадбачыць і з якімі немагчыма справіцца". 

"Навуковы астролаг" Карл Крафт ў 1942 годзе з турмы трапіў проста ў наваствораны Інстытут маятніка — для пошуку варожых караблёў з дапамогай маятнікаў. А ў пошуках арыштаванага ў 1943 годзе пасля антыфашысцкага перавароту Мусаліні Гімлеру дапамагала вялікая група астролагаў. Праўда, іх уплыў на пошукі застаецца тэмай спрэчак. 

Тэорыя сусветнага лёду

Вялікую папулярнасць у Трэцім Рэйху набыла тэорыя сусветнага лёду, паводле якой гісторыя Сонечнай сістэмы ўяўляла сабой барацьбу агню і касмічнага холаду. Дактрына вечнага лёду засноўвалася на атрыманым аўстрыйскім інжынерам Гансам Гёрбігерам яшчэ ў 1913 годзе містычным азарэнні і выдатна ўзгаднялася са старажытнагерманскай міфалогіяй.

У рамках дактрыны вечнага лёду можна было заяўляць, што арыйцы не эвалюцыянавалі з малпаў, а аказаліся нашчадкамі старажытнай расы гігантаў, якая пацярпела падчас глабальнага катаклізму, выкліканага падзеннем на Зямлю ледзянога месяца. Адсутнасць у тэорыі сусветнага лёду якіх-небудзь эмпірычных доказаў не перашкаджала кіраўніцтву Рэйха спансараваць навуковыя канферэнцыі і цэлыя інстытуты, якія працавалі над даследаваннямі ў гэтай галіне.

Прыхільнікі дактрыны вечнага лёду паспрабавалі, карыстаючыся падтрымкай Гітлера, выйсці ў афіцыйную навуку. У 1937 годзе іх намаганнямі артыкул пра “Каперніка ХХ стагоддзя” быў апублікаваны ў агульнанямецкім папулярным выданні. Рэдакцыя тут жа атрымала сотні абураных лістоў ад вучоных і інжынераў. Некаторыя не паленаваліся напiсаць даносы ў рэйхсміністэрства, патрабуючы заклікаць прыхільнікаў “сусветнага лёду” да адказнасці.

Без намёкаў. Як дыктатар выкарыстоўваў акультныя практыкі
Гімлер

Гімлер афіцыйна рэкамендаваў тэарэтыкам сусветнага лёду "не высоўвацца" і не ўступаць у палеміку ў навуковых часопісах, каб не падстаўляцца. Аднак на паўлегальным становішчы тэорыя праіснуе да падзення гітлераўскага рэжыму. 

Сам жа Гімлер шукаў рэлігійнае вучэнне, якое зможа замяніць немцам хрысціянства. Апошняе не падыходзіла на ролю рэлігіі Рэйха, бо сцвярджала існаванне ўніверсальнай маралі і іншасвету, у той час як нацыянал-сацыялізм абагаўляў  прыроду, расу і кроў. Натхнёны даасізмам, будызмам і канфуцыянствам Гімлер спрабаваў стварыць у СС культ шанавання продкаў.

Той жа мэце — пошукам альтэрнатывы хрысціянству — служыла экспедыцыя Эрнста Шэфера ў Тыбет, падчас якой нацысты назіралі рытуалы традыцыі бон і сустракаліся з ламамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі