Вы тут

Археолаг Клімаў: Раней артэфактам пагражалі ўгнаенні, цяпер — чорнакапальнікі

Марат Клімаў, фота: Еўрарадыё

Сёлета археалагічныя раскопкі былі багатыя на знаходкі: унікальны крыж часоў Івана Жахлівага, лыжка часоў неаліту, якой 4 тысячы гадоў, ды іншае. 

Пра археалогію і знаходкі размаўляем са старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Маратам Клімавым.

Відэаверсія размовы:

Прапануем цытаты з размовы:

Пра фартэцыю “Сокал” і яе ўзяцце войскамі Стэфана Баторыя падчас Лівонскай вайны

“25 верасня 1579 года войскі Рэчы Паспалітай штурмам узялі фартэцыю. У вялікай бітве загінулі амаль усе стральцы. Бо нікому не даравалі папярэдняе забойства 500 нямецкіх наёмнікаў, ландскнехтаў. Па розных адзнаках, ад 3 да 5 тысяч стральцоў там загінула”.

Пра знаходкі на месцы фартэцыі “Сокал”

“Касцяны крыж з выявамі святых — рэдкасць. Металічныя крыжы з бронзы захоўваюцца істотна лепей. Яго можна знайсці проста на калгасным полі. А любы ўдар па касцяным крыжы яго знішчыць. Вельмі істотна, што крыж быў знойдзены ў межах спаленай пабудовы, якая знікла 25 верасня 1579 года падчас штурму фартэцыі войскамі Рэчы Паспалітай”.

“Мы меркавалі, што ўладальнік крыжа пакінуў пабудову і кінуўся змагацца. Але ў ніжняй частцы драўлянага склепа пры фінальных даследаваннях былі выяўленыя парэшткі чалавека побач з парэшткамі баявога каня. Стала зразумела, што гэта не выпадковы чалавек і не выпадковы конь. Гэта ўладальнік крыжа. Гэта нестары чалавек, яму каля 30-ці гадоў”.

“Было знойдзена вельмі шмат металічных, пабытовых прадметаў: нажы, медны кацёл, частка меднай патэльні, посуд замежнай вытворчасці, наканечнікі стрэлаў, якія належалі стральцам. Былі знойдзеныя абутковыя падкоўкі, два камплекты рыштунку для каня і вершніка”.

Пра археалогію ў Беларусі і Заходняй Еўропе

“Мы вельмі адстаём, і гэта аб’ектыўнае адставанне. Гэта не звязана з кваліфікацыяй спецыялістаў. У Заходняй Еўропе ўсе артэфакты праходзяць праз лабараторыі, праз вузкіх спецыялістаў. У нас няма лабараторый, няма вузкіх спецыялістаў. У нас кожны археолаг вымушаны валодаць шмат якімі ведамі, каб прааналізаваць матэрыялы”.

Пра дазвол на раскопкі

“Гэта вельмі складана. Па новай працэдуры, дазвол на археалагічныя працы падпісвае старшыня прэзідыума Акадэміі навук. Ёсць цэлая юрыдычная і папяровая працэдура. У Беларусі па дазволах працуюць не больш за 45 чалавек”.

Пра небяспеку для артэфактаў

“Раней артэфакты цярпелі праз угнаенні, якія ўносіліся ў зямлю. Але найбольш артэфактам пагражае дзейнасць чорнакапальнікаў. Ёсць адносна нармальныя людзі, якія не імкнуцца рабаваць вядомыя археалагічныя помнікі, якія не імкнуцца капаць глыбокіх ямаў. Але цяпер гэта папулярна, узяў металашукальнік, і пайшоў. Упрыгожанні з курганаў нават прадаюць як медны лом. Толькі каля 10% з іх імкнуцца не парушаць законы”.