Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам

Аляксандр Лукашэнка / Еўрарадыё
Аляксандр Лукашэнка / Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам. Пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз прадугледжвае спрашчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збораў на ўзаемнай аснове. Будзе забяспечанае права грамадзян звяртацца па візы як праз візавыя цэнтры, так і непасрэдна ў консульскія ўстановы.

"Мы заўсёды выступалі за палягчэнне міжчалавечых і дзелавых кантактаў, — распавёў на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз. — Гэтаму кроку папярэднічаў досыць складаны і працяглы па часе перамоўны працэс з Еўрасаюзам. Па яго выніках выпрацаваныя ўзаемапрымальныя тэксты, якія ў самай поўнай меры ўлічваюць інтарэсы бакоў".

Пасля падпісання пагадненняў для іх уступлення ў сілу неабходная будзе ратыфікацыя Нацыянальным сходам Беларусі і Еўрапарламентам. Пасля выканання гэтых працэдур пагадненні пачнуць дзейнічаць.

"Цяпер мы чакаем сігналу ад нашых еўрапейскіх партнёраў аб завяршэнні неабходных працэдур з іх боку, пасля чаго вызначым канкрэтныя мадальнасці падпісання пагаднення", — дадаў Анатоль Глаз.

Сёння стала вядома, што ўнутраныя працэдуры Еўрасаюза, якія папярэднічаюць спрашчэнню візавага рэжыму з Беларуссю, выйшлі на завяршальную стадыю. Праект рашэння Савета ЕС аб ​​падпісанні візавага пагаднення з Беларуссю ("Decision on the conclusion of the Agreement between the European Union and the Republic of Belarus on the facilitation of the issuance of visas") падрыхтаваны.

Пагадненні паміж Беларуссю і Еўрасаюзам заключаюцца ў пакеце. Іх уступленне ў сілу плануецца ў адзін і той жа дзень.

У праекце пагаднення аб рэадміссіі замацаванае прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі