Адвакаты Бабарыкі просяць разглядаць яго справу не ў Вярхоўным судзе

Адвакаты Бабарыкі просяць разглядаць яго справу не ў Вярхоўным судзе

Адвакаты Віктара Бабарыкі просяць перанесці працэс над ім у ніжэйшы суд. З адпаведнай заявай яны звярнуліся ў Вярхоўны суд, куды перададзеная справа "Белгазпрамбанка". Сваю просьбу яны абгрунтоўваюць тым, што прысуд вярхоўнага суда немагчыма абскардзіць. Пра гэта парталу TUT.by распавялі самі адвакаты экс-банкіра Дзмітрый Лаеўскі і Наталля Мацкевіч.

21 студзеня стала вядома, што "справа Белгазпрамбанка" перададзеная з Генпракуратуры ў Вярхоўны суд. Менавіта там павінны вызначыць, у якім судзе будзе слухацца справа. Па словах адвакатаў, разгляд спраў такой катэгорыі можа адбывацца як у раённым, так і ў Мінскім гарадскім судзе. 

"Калі ж Вярхоўны Суд па сваёй ініцыятыве прыме крымінальную справу да сваёй вытворчасці, то ў такім выпадку Віктар Бабарыка будзе пазбаўлены права на апеляцыйнае абскарджанне прысуду, бо згодна з КПК прысуды Вярхоўнага Суда не падлягаюць абскарджанню ў апеляцыйным парадку", — адзначаюць абаронцы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты.

Яны спасылаюцца на Крымінальна-працэсуальны кодэкс, які дае абвінавачанаму права абскардзіць прысуд (арт. 43). 

"Гэтае права — адна з базавых гарантый справядлівага судовага разбору, устаноўленая Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (пункт 5 артыкула 14). Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дзяржавай — удзельніцай Пакту і абавязаная добрасумленна выконваць гэты міжнародная дамова", — падкрэсліваюць адвакаты. 

Экс-старшыню праўлення "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыку вінавацяць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры. Таксама па "справе Белгазпрамбанка" праходзяць топ-менеджары банка Кірыл Бадзей, Аляксей Задойка, Сяргей Дабралёт, Сяргей Шабан, Аляксандр Ільясюк, Дзмітрый Кузьміч. Іх вінавацяць у атрыманні хабару арганізаваннай групай у асабліва буйным памеры. Заснавальніка кампаніі "Актыўлізінг" Віктара Кабяка вінавацяць у дачы хабару ў буйным памеры.

"Справа Белгазпрамбанка" з'явілася пасля таго, як Віктар Бабарыка заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Праўда, следчыя органы заяўляюць, што распрацоўка вялася некалькі апошніх гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі