Былога гендырэктара Гродзенскага мясакамбіната асудзілі на сем гадоў калоніі

Алег Іваноў

Алег Іваноў / sb.by

Вярхоўны суд Беларусі прызначыў былому дырэктару Гродзенскага мясакамбіната Алегу Іванову сем гадоў пазбаўлення волі. Таксама ён аштрафаваны на 225 тысяч рублёў (5000 базавых велічыняў).

Як паведамляе Генпракуратура, Іваноў добраахвотна выплаціў злачынны прыбытак і выканаў іншыя абавязанні па дасудовай дамове аб супрацоўніцтве.

У кастрычніку 2025-га Іванова звольнілі з пасады дырэктара мясакамбіната і датэрмінова прыбралі з Савета Рэспублікі.

Пазней стала вядома, што яго абвінавацілі ў атрыманні хабараў у буйным і асабліва буйным памерах. Паводле следства, ад ліпеня 2019 да траўня 2025 года ён атрымаў ад пяці кампаній грошы і крыптавалюту на агульную суму 1,8 мільёна рублёў.

Гэтыя грошы пералічваліся на рахункі і кашалькі яго дачкі. Сама яна не ведала, што сродкі маюць злачыннае паходжанне. Гендырэктар жа за атрыманы хабар гарантаваў, што прадпрыемства будзе закупляць харчовыя дабаўкі ў канкрэтных пастаўшчыкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.