Адстаўка Шорца перашкодзіла ўсталяваць помнік князю Глебу Менскаму

Адстаўка Шорца перашкодзіла ўсталяваць помнік князю Глебу Менскаму

Стала вядома, чаму ў беларускай сталіцы дагэтуль не з'явіўся помнік князю Глебу Менскаму, хаця ўсталяваць яго планавалі ў 2019 годзе, паведамляе TUT.by. 

У 2018 годзе прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі прапанавалі тагачаснаму старшыні Мінгарвыканкаму Андрэю Шорцу паставіць помнік Глебу Менскаму. Кіраўнік сталіцы падтрымаў ідэю. Быў абвешчаны адкрыты конкурс. На ім перамагла праца аўтарства скульптараў Мікалая Байрачнага (аўтар скульптуры каровы каля Камароўкі) і Алега Купрыянава (аўтар Бабы Раі каля Камароўкі), а таксама архітэктара Анатоля Сярэдзіча.

Першую конную скульптуру ў сталіцы планавалі ўсталяваць каля Кафедральнага сабора ў Верхнім горадзе. Тагачасны галоўны архітэктар Мінска Павел Лучыновіч казаў, што помнік можа з'явіцца нават у 2019 годзе — да 900-годдзя з дня смерці князя. 

Аднак у каментары журналістам скульптар Мікалай Байрачны паведаміў, што пасля завяршэння конкурсу ў лістападзе 2018-га з ім ніхто не звязваўся наконт стварэння помніка. Паводле звестак TUT.by, працэс усталявання скульптуры спыніўся пасля адстаўкі Андрэя Шорца, якая адбылася ў тым самым лістападзе. Дакументы на ўзгадненне помніка ў Мінкультуры так і не пайшлі. Разам з тым, чыноўнікі запэўніваюць, што за ідэю помніка будуць агітаваць цяперашняга старшыню Мінгарвыканкама Анатоля Сівака

Глеб Менскі (1050-я — 1119) — сын полацкага князя Усяслава Чарадзея і родапачынальнік менскай галіны полацкіх князёў. Пры ім Мінск быў пабудаваны на сучасным месцы. Трапіў у палон падчас чарговай вайны з Кіевам і неўзабаве памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. 

Адстаўка Шорца перашкодзіла ўсталяваць помнік князю Глебу Менскаму
Так павінен выглядаць помнік князю Глебу Менскаму / TUT.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі