У экс-палітвязня Змітра Дашкевіча ў Беларусі памёр бацька
Вячаслаў Дашкевіч / svaboda.org
У Беларусі памёр Вячаслаў Дашкевіч — бацька экс-палітвязня Змітра Дашкевіча. Пра гэта ў сацсетках напісаў сам Зміцер, які не можа паехаць на развітанне і пахаванне бацькі.
Маці Змітра памерла падчас яго папярэдняга арышту, у 2011 годзе. Тады Змітра пад вартай вазілі развітацца з ёй.
"Малюся, казаў тата, каб нам яшчэ пабачыцца. Гэта было няпроста, тата 1938 года. Тата пражыў доўгае, няпростае жыццё: дзіцёнкам пад рознымі акупацыямі і скрозь вайну, з маленства ў полі, з юнацтва на адной назе, працаваў і кінамеханікам, і на камбайне, і цаліну падымаў, і на будоўлях, большую частку жыцця – журналістам, медаль ганаровага доктара – кроў здаваў доўгія гады. Ты, татуля, жыў годна, адыйшоў ціха, як ты хацеў – уночы. Даруй, не магу прыехаць і развітацца з табою… дзікі час… Матуля памерла, калі я сядзеў на Валадарцы ў 2011, тады мяне вывезлі на развітанне. Цяпер, тата, даруй мне, не магу правесці цябе ў апошні шлях… дзікі, дзікі час…"
У верасні 2025 года Зміцер Дашкевіч у ліку іншых палітвязняў быў прымусова вывезены ў Літву. Вярнуцца дадому пры рэжыме Лукашэнкі ён не можа.