Сёння адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы
Карціна "Бітва пад Оршай"
8 верасня адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы — неафіцыйнае свята ў гонар бітвы пад Оршай 1514 года.
У гэтай бітве войскі Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага нанеслі паразу значна большаму маскоўскаму войску, якое імкнулася захапіць беларускія землі. Менавіта ў Аршанскай бітве 1514 года ці не ўпершыню ў гісторыі была выкарыстаная палявая артылерыя, якая дапамагла князю Астрожскаму перамагчы.
Гэтая перамога не толькі спыніла наступ маскоўскіх войскаў, але і разбурыла ўтварэнне кааліцыі заходніх манархаў супраць тагачаснага караля і вялікага князя Жыгімонта І Старога.
У Беларусі публічна адзначаць дату 8 верасня сталі ў 1990-х гадах. У 1992 годзе ў цэнтры Мінска афіцэры-патрыёты з Беларускага згуртавання вайскоўцаў прынеслі сімвалічную прысягу незалежнай Беларусі. Пад Оршай праводзіўся бардаўскі фэст, прымеркаваны да даты бітвы.