“Зорныя войны” б’юць рэкорды касавых збораў
Працяг легендарнай фантастычнай кінасагі “Зорныя войны: Абуджэнне сілы” пабіў чарговы рэкорд касавых збораў у Злучаных Штатах. На Каляды стужка сабрала 49,3 мільёна долараў. Гэта найвышэйшы паказнік для любога асобна ўзятага святочнага дня ў гісторыі кінематографа, паведамляе ВВС.
Папярэдні “калядны” рэкорд належаў фільму Гая Рычы “Шэрлак Холмс” з удзелам Роберта Дауні-малодшага — 25 снежня 2009 года ён сабраў 24,6 мільёна долараў.
Сёмая частка “Зорных войнаў” працягвае лідзіраваць і па агульнай суме касавых збораў. Ва ўсім свеце фільм, прэм’ера якога прайшла ў большасці краіны тыдзень таму, сабраў ужо амаль 900 мільёнаў долараў і за гэты уік-энд можа пераадолець адзнаку ў мільярд долараў.
На сёння самымі камерцыйна паспяховымі фільмамі ў гісторыі кіно застаюцца “Аватар” (2,79 мільярда долараў) і “Тытанік” (2,19 мільярда долараў) Джэймса Кэмерана. Аднак мяркуючы па тэмпах касавых збораў, чарговы эпізод “Зорных войнаў” можа іх абысці.