Беларускі фільм "Апошні тэст" атрымаў узнагароду на кінафестывалі ў Амане
Кадр з фільма "Апошні тэст"
Стужка кінематаграфіста Яўгена Лыткіна "Апошні тэст" атрымала спецыяльны прыз журы ў міжнародным конкурсе 11-га Jordan International Film Festival у Амане. Узнагароду абвясцілі 24 верасня на цырымоніі закрыцця фестывалю ў Каралеўскім культурным цэнтры.
Сёлета на фестываль паступіла 2 099 заявак з усяго свету, але ў міжнародную конкурсную праграму адабралі толькі восем фільмаў.
"Для нашай каманды гэта вялікі гонар і важнае прызнанне працы рэжысёра, акцёраў і ўсёй здымачнай групы", — напісаў прадусар стужкі Дзяніс Іваноў.
"Апошні тэст" у прытчавай форме распавядае пра жорсткае кіраванне класам настаўніцай, якую грае Святлана Зелянкоўская. У фільме таксама зняліся Алег Гарбуз і Аляксей Бурнасенка.