Вы тут

Завод-банкрут. Слаўная гісторыя "Мотавела" з ганебным канцом

Фота з форумаў Onliner.by

22 чэрвеня стала вядома, што гендырэктар "Мотавела" Мікалай Ладуцька падаў у Эканамічны суд заяву аб банкруцтве завода. Былы мэр Мінска, прызначаны "выцягваць" прадпрыемства пасля арышту яго папярэдняга ўладальніка — бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва — на жаль, не ўбачыў лепшага выйсця для сітуацыі, у якой апынуўся ММВЗ.

У савецкі час "Мотавела" быў візітнай карткай Беларусі, адным з сімвалаў краіны. Банкруцтва завода — гэта канец слаўнай гісторыі, што доўжылася 72 гады.

6 лістапада 1945 года — дзень заснавання завода. Праз месяц у Мінск прыйшоў першы эшалон са станкамі, вывезенымі з нямецкага завода DKW.

1947 — завод сабраў першыя 10 ровараў з дэталяў уласнай вытворчасці. Да канца 1947 года сабрана 6580 ровараў.

1951 — у Мінску стартуе вытворчасць матацыклаў. Спачатку гэта "Масква" М1А, а пасля — 125-кубовы "Мінск". Да кароткай назвы завода дадаецца прыстаўка "мота-", а абрэвіятура цяпер гучыць як ММВЗ — "Мінскі мотацыклетна-веласіпедны завод".

Завод робіцца візітнай карткай Беларусі — "зборачнага цэха" СССР. За год ММВЗ выпускае 800-900 тысяч ровараў і да 200 тысяч матацыклаў. На мінскіх роварах катаюцца па ўсім Савецкім саюзе. А калі ў маладога чалавека ёсць матацыкл "Мінск" — гэта, лічы, поспех у жыцці!

Матацыкл "Мінск". Легенда.

Пасля распаду СССР завод некаторы час заставаўся адным з лідараў беларускай прамысловасці, нязначна скарачаючы аб'ёмы вытворчасці і практычна не губляючы рынкаў збыту.

1999 — завод ператвараецца ў ААТ і актыўна гандлюе роварамі на расійскім рынку і ў краінах Азіі.

2005 — справы на ММВЗ ідуць усё горш і горш. Прадпрыемства выціскаюць з азіяцкіх рынкаў. Рабочыя "Мотавела", незадаволеныя нізкімі заробкамі, перакрываюць Партызанскі праспект.

2006 — Мінгарвыканкам пачынае ратаваць "Мотавела". Заводу вылучаюць 17,3 млрд рублёў субсідый.

2007-2011 гады — за 15,6 млрд рублёў (каля $7,25 млн) завод купляе аўстрыйская кампанія АТЕС Holding Gmbh, якую ўзначальвае беларускі бізнесмен Аляксандр Мураўёў. Ва ўласнасць прадпрыемства пераходзіць 99,7% акцый "Мотавела". Завод ажыўляе брэнды AIST і MINSK (замест літары I ў апошнім з'яўляецца адзінка: M1NSK), але скарачае вытворчасць "да аб'ёмаў, абумоўленых рынкам", пачынае зборку квадрацыклаў.

Аляксандр Мураўёў і Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Верасень 2013 года — Аляксандр Лукашэнка незадаволены станам спраў на "Мотавела". Абяцанне інвестара нарасціць вытворчасць ровараў не выконваецца, чвэрць карпусоў здаецца ў арэнду.

Чэрвень 2015 года — Аляксандра Мураўёва затрымліваюць і абвінавачваюць у махлярстве. Маўляў, завод зарабляе на арэндзе плошчаў, а станкі па цане металалому сыходзяць у Літву. Гендырэктарам ААТ "Мотавела" прызначаецца Мікалай Ладуцька, колішні старшыня Мінгарвыканкама.

2016 — улады вырашаюць лёс завода. Аказваецца, знос асобных станкоў дасягае 100%. Ладуцька заяўляе, што для аднаўлення вытворчасці трэба выдаткаваць $50 млн за шэсць гадоў, а "для пачатку трэба каля $7 млн". У 2016 годзе завод паказвае страты ў 7,5 млн рублёў ($3,5 млн). Разглядаецца варыянт банкруцтва і стварэння на месцы "Мотавела" новага прадпрыемства, а таксама варыянт рэструктурызацыі пазыкі.

Студзень 2017 года — Мураўёва прысуджаюць да 11 гадоў пазбаўлення волі. Акцыі "Мотавела" канфіскоўваюцца на карысць дзяржавы.

У красавіку 2017 года сабрана 2,3 тысячы ровараў, а за чатыры месяцы 2017 года — 10,9 тысяч ровараў. Пры гэтым Беларусь неяк экспартавала ў 10 разоў больш — 116 тысяч велікаў, а імпартавала яшчэ больш: 142 тысячы ровараў.

Чэрвень 2017 году — кіраўніцтва завода падае ў Эканамічны суд заяву аб банкруцтве. Як піша TUT.by, у "Мотавела" ёсць даўгі перад 7 банкамі. Сума патрабаванняў крэдытораў па абавязальніцтвах, забяспечаных залогам маёмасцi "Мотавела", складае $61,3 млн — 187% кошту актываў, а па грашовых абавязацельствах, якія не аспрэчваюцца, — 59,3 млн рублёў. Акрамя пазыкаў перад банкамі, "Мотавела" павінен бюджэту і супрацоўнікам каля 700 тысяч рублёў.