Вы тут

"Зарыва над Драздамі? У кагосьці "не бамбіць": Чалы пра стан "аднаго чалавека"

У час акцыі пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

Пасля таго як літоўскі бок пачаў прымаць дзейсныя меры ў адносінах да бескантрольнага патоку бежанцаў, ад "пакрыўджаных мігрантаў" у Літву пачалі паступаць лісты з пагрозамі тэрактаў. Ці спрацавала задумка тых, хто не перашкаджаў пранікненню мігрантаў на тэрыторыю ЕС, ці прысутнічае тут стратэгічнае мысленне?

— Мы бачым, што спроба думаць хоць бы на некалькі крокаў наперад, пралічваць рэакцыю ў адказ тых краін, супраць якіх ты прымаеш меры, у тым ліку рэакцыю тых людзей, якія па тваім сцэнары павінны ўчыняць беспарадкі, а можа быць, і тэракты, — усё гэта закранула толькі медыйны складнік, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Сяргей Чалы. — Вытворчасць фэйкаў, вытворчасць змоў, пра якія ўжо ўсе забыліся. Дзе гэтыя падрывы сметніц, што цяпер з Кастусёвым і Зянковічам? Усё гэта робіцца дзеля таго, каб адзін, максімум два разы пра гэта расказаць і забыцца. Працуе толькі прапаганда, і выглядае, што здольнасць да выпрацоўкі колькі-небудзь працяглых і сур'ёзных планаў не працуе.

Аднак махавік беларускай дзяржпрапаганды працуе на ўсю моц. Чым гэта выклікана?

— Гэта ўсё сітуацыя эмацыйнай няўстойлівасці, выкліканая дыпламатычнымі поспехамі Святланы Ціханоўскай, — мяркуе Сяргей Чалы. — "Бэрымар, што гэта за зарыва над Драздамі? — Гэта ў кагосьці "не бамбіць". Гэта той самы выпадак, калі ні ў кога паблізу не стае сілы духу сказаць, маўляў, пачакайце, можа, не трэба так рабіць, можа, давайце зробім па-іншаму? Мне здаецца, што ўсё гэта мае прыкметы "благой бясконцасці", заганнага кола.

Яшчэ раз кажу: нічога іншага ўлады цяпер не ўмеюць рабіць. Яны вырабляюць прапаганду. У працэсе гэтай прапаганды могуць быць дыпламатычныя скандалы, міжнародная ізаляцыя, санкцыі, вайсковыя інцыдэнты. Але гэта абсалютна і толькі прапаганда, накіраваная на тое, каб задавальняць найменшыя прыхамаці аднаго чалавека. А прыхамаці яму патрэбныя ўсё часцей і больш.

Акцыя пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

9 жніўня адбудзецца чарговая "Вялікая размова" Лукашэнкі са СМІ. Ці ёсць здагадкі, пра што будзе размова?

— Апошнім часам Лукашэнка выступае неяк падазрона часта, прычым увесь час кажа адно і тое, — працягвае Сяргей Чалы. — Ён расказвае сваю версію падзей, нагрувашчанне неймавернасцяў і тэорый змоў, дзе ўвесь свет супраць яго. Ён так шмат пра гэта гаворыць на розныя лады, і кожны раз гэтыя гісторыі абрастаюць усё новымі і новымі дэталямі.

Адна з вонкавых прыкмет хлусні — гэта калі чалавек выкарыстоўвае залішнюю колькасць падрабязнасцяў там, дзе ў прынцыпе можна было б абысціся малым. І яшчэ адзін момант: з кожным выступленнем у яго становіцца ўсё менш энтузіязму. Ён разумее, што тое, што ён кажа, не знаходзіць аўдыторыі, яна не трымаецца ў яго ў руцэ, як гэта было раней, і ён ніяк не можа злавіць за хвост "птушку поспеху".

Нядаўна МЗС Літвы заявіла, што не выключае поўнага спынення транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Што гэта можа значыць для беларускай калійнай галіны і бюджэту Беларусі?

— Літоўскі тэрмінал часткова належыць беларускаму боку. Для Беларусі фактычна гэта будзе азначаць страту інвестыцый, — разважае аналітык. — Хутчэй за ўсё, гэта будзе азначаць скарачэнне фізічнага патоку экспарту калійных угнаенняў. Актывамі беларускі бок будзе валодаць, але грашовы паток будзе істотна меншы. Да таго ж гэта быў бы самы блізкі і танны шлях.

Сяброўству можа прыйсці канец / Еўрарадыё

А ва Украіну тым часам, нягледзячы на напружаныя адносіны, ідзе пастаўка беларускага паліва. Як гэта разумець? "Вайна вайной, а абед па раскладзе"?

— Сур'ёзна замясціць беларускае паліва не вельмі проста. Для таго каб замясціць аб'ём бензіну на ўнутраным рынку, неабходна яго альбо імпартаваць з краін Еўрасаюза, што робіць яго істотна даражэйшым, альбо ўявіць сітуацыю, калі Расія скажа, маўляў, мы гатовыя павялічыць пастаўкі на вашы [ўкраінскія. — Еўрарадыё] НПЗ.

Да таго ж у Зяленскага цяпер вялікая інфраструктурная праграма будаўніцтва новых дарог. Гэта патрабуе вялікай колькасці бітуму, які ў асноўным ідзе з Мазырскага НПЗ. Яго замясціць будзе даволі цяжка.

Яшчэ адзін эканамічны кейс, які закрануў эксперт, — лічба ліміту эмісіі аблігацый Банка развіцця: маўляў, чаму яе спачатку апублікавалі, а потым схавалі.

— Гэта гаворыць пра тое, што Нацбанк так і не стаў суперрэгулятарам, што аперацыі Банка развіцця не да канца падкантрольныя, — лічыць аналітык. — Гэта таксама сведчыць пра тое, што не ўдаецца "праз калена перагнуць" Нацыянальны банк. Уладам даводзіцца шукаць спосабы, як павялічыць колькасць рублёў у эканоміцы супраць жадання Нацбанка. Калі Нацыянальны банк убачыць нейкія негатыўныя наступствы для макраэканамічнай стабільнасці альбо палічыць, што такія наступствы магчымыя, мы можам убачыць далейшае ўсячэнне грашова-крэдытнай палітыкі. І гэта будзе адзін з самых негатыўных сцэнароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.