Заблытаўся і дакладна хлусіць: аналітык паводзінаў пра інтэрв'ю Лукашэнкі CNN

Аляксандр Лукашэнка ў момант размовы пра Святлану Ціханоўскую / скрыншот з трансляцыі
Аляксандр Лукашэнка ў момант размовы пра Святлану Ціханоўскую / скрыншот з трансляцыі

"Мозг настолькі заняты выдумляннем хлусні, што забывае кантраляваць маўленне", — апісвае паводзіны Аляксандра Лукашэнкі падчас інтэрв'ю тэлеканалу CNN расійскі эксперт па хлусні і мове жэстаў, аналітык паводзінаў Ілля Анішчанка.

Гутарка Лукашэнкі з Мэцью Чэнсам выйшла ў эфір 2 кастрычніка. Брытанскі журналіст задаваў вострыя пытанні, у тым ліку пра месцы ўтрымання зняволеных, якія з 2020 года "ператварыліся ў камеры катаванняў". Таксама ён прапанаваў Лукашэнку выбачыцца перад народам "за парушэнні правоў чалавека".

Сам кіраўнік дзяржавы даволі рэзка адстойваў сваё меркаванне з нагоды пратэстаў у рэспубліцы; заявіў, што ў краіне парушэнняў правоў чалавека не было; расказаў аб адносінах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

На просьбу Еўрарадыё Ілля Анішчанка паглядзеў гэтае інтэрв'ю і прааналізаваў як манеру камунікацыі самога Лукашэнкі, так і рэакцыю на яго словы брытанскага журналіста.

Запутался и точно лжёт: поведенческий аналитик об интервью Лукашенко CNN

Ілля Анішчанка: Першае, што адразу кідаецца ў вочы, гэта агіда Лукашэнкі, якая з'яўляецца на яго твары, калі ён кажа пра Святлану Ціханоўскую, ужываючы выраз: "пра персанаж у жаночым родзе я разважаць не збіраюся".

Падобныя эмоцыі мы ўжо аналізавалі, разбіраючы "Вялікую размову".

Што тычыцца ўсяго інтэрв'ю, я знайшоў тры відавочныя моманты, дзе Лукашэнка альбо наўмысна схлусіў, альбо проста не ўпэўнены ў тым, што кажа, але яму даводзіцца адказваць.

Калі журналіст прапануе яму выбачыцца перад беларусамі, Лукашэнка адказвае, што калі захоча, зробіць гэта праз беларускія СМІ, а не праз CNN [0:50].

На словах "праз беларускія СМІ" яго галава злёгку тузаецца направа — гэта значыць, што ён прасіць прабачэння ні ў кога не будзе, гэта значыць "не дачакаецеся вы ад мяне ніякіх выбачэнняў, нават праз СМІ". Ён ужо гэта ведае і тут нас, вядома ж, падманвае.

Такую праяву мы называем эмблематычнай агаворкай. Звычайна, калі чалавек кажа "не", ён пры гэтым хітае галавой у абодва бакі (эмблема). А тут ідзе відавочная супярэчнасць. Лукашэнка як бы спрабуе кантраляваць мову жэстаў і падмацоўваць свае словы, але не атрымліваецца. Рух галавы выдае праўду. Такім чынам атрымалася ўцечка інфармацыі.

Наступны момант — калі Мэцью Чэнс кажа пра факты "ў тым ліку сэксуальнага гвалту" над палітвязнямі ў беларускіх турмах. Рэагуючы на гэта, Лукашэнка пачынае збівацца. "Усё, што вы пералічылі — гэта фэйк", — кажа ён замест "фэйкі" [3: 47]. Далей пачынае падбіраць словы і блытацца. Усё гэта паказвае на тое, што яму даводзіцца відавочна прыдумляць і прыкрываць праўду. Гэта, што тычыцца маўлення.

Што тычыцца жэстаў, звярніце ўвагу: калі ён кажа пра фэйк, ягоны плечавы пояс тузаецца — зноў эмблематычная агаворка. Калі чалавек у чымсьці не ўпэўнены, ён падымае плечы, калі чалавек кажа нейкі факт і пры гэтым у яго калыхаюцца плечы — альбо ён не ўпэўнены, альбо наўмысна хлусіць. Думаю, што ў дадзеным выпадку яму вядома пра падобныя выпадкі, але ён спрабуе сцвярджаць, што гэта фэйк.

Потым ён яшчэ дадае "я вам гарантую" — тут ідзе ўзмоцненае адмаўленне. А далей сам сабе супярэчыць, кажучы, маўляў, калі вы хочаце — можам правесці расследаванне.

Дык, усё ж такі, гэта фэйк і гэтых фактаў не было, ці яшчэ трэба расследаваць? Лукашэнка заблытаўся. Думаю, што ў дадзеным выпадку ён дакладна хлусіць.

Таксама Лукашэнка заяўляе, што на пратэстах "ніякіх чатырох загінулых не было" [11:13]. Рух яго вуснаў і зглытванне ў гэты момант паказвае на прыкмету моцнага стрэсу. Хочацца разабрацца, чаму ён так не ўпэўнены, калі кажа пра факт.

Тут не хапае падмацавання слоў "не было" рухам галавы. Звычайна ён гэта робіць, а тут — прамы погляд, цела напружанае. Гэта другая прыкмета ў скарбонку таго, што ён нас падманвае.

Наогул цікава, як ён рэагуе на пытанне аб ахвярах, кажуць, што ў першы раз пра іх чуе, і ў той жа час упэўнена заяўляючы, што смерцяў не было.

Што тычыцца Мэцью Чэнса, ён добра падрыхтаваны да інтэрв'ю, але відаць, што моцна хвалюецца. Нават больш чым Лукашэнка, калі, напрыклад, той пераводзіць стрэлкі на ЗША, адводзячы размову ў іншы бок.

Ён пачынае паціраць рукі, падціскаць вусны і вагацца. На працягу практычна ўсяго інтэрв'ю ў падобныя моманты журналіст адчувае сябе дыскамфортна і зазнае моцны стрэс.

Антыдэпрэсант з Расіі

Аналітык паводзінаў Ілля Анішчанка сочыць за тым, як змяняецца стан Лукашэнкі з пачатку пратэстаў у Беларусі. Паводле ягоных слоў, адзінае што супакойвае кіраўніка краіны — гэта сустрэчы з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным:

“Падтрымка ўрада Расіі — гэта адзінае, што ратуе Лукашэнку ад панікі. Год таму яму было горш, але цяпер, калі хваля пратэстаў спала, ён падсупакоіўся. Тым не менш, усё роўна, эмацыйна Лукашэнка не стабільнейшы, чым быў да выбараў 2020-га. Сітуацыя ў галаве — жорсткая".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі