Вы тут

Страх і бяссілле: аналітык паводзінаў пра манеру выступленняў Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка і Ілля Анішчанка / калаж Еўрарадыё

9 жніўня, у дзень гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сабраў журналістаў на "Вялікую размову", якая доўжылася больш за восем гадзін.

У час размовы з прэсай ён дазваляў сабе груба выказвацца на адрас апанентаў, замежных журналістаў і сусветнай палітыкі ў цэлым. Палохаў пачаткам Трэцяй сусветнай вайны, махаў рукамі і наогул вельмі шмат злаваўся.

— Стан афекту — гэта стан, калі праз усплёск эмоцый чалавек перастае свядома кантраляваць свае дзеянні. Ён ператвараецца ў, груба кажучы, жывёлу і пачынае дзейнічаць на інстынктах. Усе гэтыя пабягушкі з аўтаматам летась — блізкія да гэтага. Наступны раз ён яго зарадзіць і пачне страляць па натоўпе, — кажа Еўрарадыё расійскі эксперт па хлусні і мове жэстаў, паводзінскі аналітык Ілля Анішчанка.

На просьбу Еўрарадыё спецыяліст пагадзіўся паглядзець "Вялікую размову" з Лукашэнкам і прааналізаваць яго манеру публічнага выступу.  

 

Эпілептоідны псіхатып (не такі, як у Пуціна)

— Калі гаварыць пра тэрміналогію, у Лукашэнкі эпілептоідны псіхатып. Для гэтага псіхатыпу эмоцыя гневу — базавая. Такія людзі часцей за ўсё ў жыцці злуюцца.

Калі параўнаць з Уладзімірам Пуціным, то ў прэзідэнта Расіі базавы псіхатып іншы — паранаяльны. Пуцін лепш кантралюе свае эмоцыі і не дазваляе сабе на публіцы таго, што дазваляе Лукашэнка.

У Лукашэнкі эмоцыі гневу пераважаюць.

 

Рэалізацыя злосці і ўнутранага гневу

— Чаму ён пачынае пераходзіць на абразы, прыніжальны тон, вельмі шмат жартуе? Такія паводзіны — рэалізацыя злосці і ўнутранага гневу. Гэтыя эмоцыі ў яго цяпер часта ўзнікаюць, і ён не можа іх кантраляваць. 

Прычым, калі адсачыць дынаміку яго адказаў на пытанні замежных журналістаў, прыкметна, як ён сябе па нарастальнай накручвае. Спачатку адказвае спакойна, потым нібыта змоўк — сказаў, што ўсё, але вось зноў працягвае, прыводзіць нейкія аргументы. Па інтанацыі, якая ідзе, чуваць, як з кожным разам ён злуецца ўсё больш.

Паглядзіце, як змяняецца міміка Лукашэнкі, калі ён называе замежных журналістаў "дрэнным інструментам". Ілля Анішчанка кажа, што ў гэты час кіраўнік дзяржавы адчувае агіду.

Аляксандр Лукашэнка / скрыншот з трансляцыі "Вялікай размовы"
Аляксандр Лукашэнка / скрыншот з трансляцыі "Вялікай размовы"
Аляксандр Лукашэнка / скрыншот з трансляцыі "Вялікай размовы"

Пераход на асобы

— Гаворачы пра Святлану Ціханоўскую, у Лукашэнкі змяняецца міміка. Выступаючы на прэс-канферэнцыі, ён згадвае яе, называючы "спадарыняй Ціханоўскай". У той момант зморшчыны вакол яго носа падымаюцца, што гаворыць пра непрыязнасць і агіду (як быццам бы адчуў непрыемны пах), вусны — напружваюцца: так выяўляецца гнеў. У суме гэтыя эмоцыі азначаюць нянавісць да згадванага чалавека, відаць відавочны эмацыйны водгук на Ціханаўскую.

Называючы Паўла Латушку "лахушкам", ён злуецца, што не можа ўздзейнічаць на яго: не ў сілах спыніць або пасадзіць, у яго няма над ім улады. Як выказаць гнеў, калі не можаш ударыць? Толькі абразіць.

І на цяперашні момант для Лукашэнкі гэта адзіная магчымасць выказаць свае эмоцыі ў адносінах да апанентаў. Можна яшчэ пажартаваць з іх.

Агіда + гнеў = нянавісць Лукашэнкі да Ціханоўскай / скрыншот з трансляцыі "Вялікай размовы"

Страх і бяссілле

— Успомнім, як ён рэагаваў, калі яго пыталіся пра зняволеных на Акрэсціна [Лукашэнка вельмі не любіць пытанняў наконт затрыманых на пратэстах людзей: называе іх "уркамі", нервуецца і сцвярджае, што сінякі яны сабе малююць самі. — Еўрарадыё].

Калі пасля іх адна з журналістак задавала свае пытанні, ён нават пажартаваў, маўляў, добра, што слова "Акрэсціна" не прагучала. На самай справе ён гневаецца, і гэты гнеў — наступства страху ад сітуацыі, якая склалася вакол яго і Беларусі.

Гэты гнеў узмацняецца тым, што ён не можа з ёй справіцца. Лукашэнка адчувае сябе бездапаможным.

У час "Вялікай размовы" журналістка BBC Сара Рэйнсфард задала пытанне Лукашэнку пра легітымнасць. Паглядзіце, як змяняецца міміка кіраўніка дзяржавы. Па словах Іллі Анішчанкі, у гэты момант ён адчувае гнеў.

"Адзін з самых моцных момантаў, што я ўбачыў, — кажа эксперт. — Відаць, як за некалькі хвілін гнеў нарастаў паступова, але ў канцы ён сябе злавіў.

Стрэс у гэтым моманце таксама вырастае. Звярніце ўвагу, як на апошняй фразе ён хоць і расстаўляе рукі шырока, пальцамі пацірае, каб супакоіць сябе. Потым хапаецца за пінжак, каб паправіць яго, але камера з'язджае.

І яшчэ, чым мацнейшы ў яго гнеў, тым часцей ён дыхае і тым шырэй адкрыты рот у паўзах паміж фразамі".

Гнеў Лукашэнкі на BBC / скрыншот з трансляцыі "Вялікай размовы"

Калі мы на нешта злуёмся, то хочам гэта выправіць. Бывае, што не атрымліваецца. Возьмем бытавую сітуацыю: чалавек стаіць у заторы і нервуецца. Ён пачынае спрабаваць яго аб'ехаць і такім чынам бачыць шляхі вырашэння праблемы. Пакрычаў — гнеў рэалізаваўся — паехаў далей. Але калі ты разумееш, што выправіць нічога не можаш, то пачынаеш злавацца і на сябе, і на навакольных яшчэ больш — так гнеў узмацняецца.

За Аляксандрам Лукашэнкам я назіраю год, з самага пачатку пратэстаў. Тое, што ён бегаў з аўтаматам, — гэта ўсё вынік якраз і страху, і стрэсу, што ён не можа вырашыць сітуацыю, якая склалася. І сысці не можа, і здацца, і нешта змяніць. У выніку гэта ўсё і выліваецца ў маўленчыя агрэсіўныя паводзіны — абразы і жарты на адрас апанентаў.

 

Пасіўная агрэсія — гэта ўжо ненармальна 

— Калі чалавек рэагуе так на праблему, у яго пачынае развівацца псіхасаматыка, выяўляюцца нейкія хваробы. Развіваецца пасіўная агрэсія — і, натуральна, гэта ўжо ненармальна. Гэта сур'ёзная праблема. Кагосьці некантраляваныя ўспышкі гневу даводзяць да забойства. У кіраўніка вашай краіны яны выліваюцца ў рашэнні на эмоцыях.

Галоўная яго праблема ў тым, што гнеў не рэалізуецца і застаецца ўнутры. Кожны выходзіць з гэтага стану па-свойму: хтосьці можа пайсці адціснуцца, пакрычаць у лесе. Калі трымаць негатыўныя эмоцыі ў сабе, гэта пачынае ўплываць на якасць жыцця і зносіны з навакольнымі.

Чым большы будзе ціск на Лукашэнку, тым горш будзе для яго здароўя, тым горшыя будуць якасці прыманых ім рашэнняў.

Тут неабавязкова ісці да спецыяліста. Тут важна зразумець і ўсвядоміць, што адбываецца, і неяк рэалізаваць свой гнеў. Да спецыяліста трэба звяртацца, калі прычына такіх паводзін у нейкай дзіцячай псіхатраўме і ты наогул не можаш кантраляваць свой гнеў, кіраваць сабой. Усё гэта можа ісці з дзяцінства і тоіць у сабе небяспеку стану афекту.

А вось так Ілля Анішчанка каментуе заяву Рамана Пратасевіча:

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.