Каля 500 "нядбайных" чыноўнікаў і спецыялістаў адправілі ў войска — Лукашэнка
Лукашэнка ў Вілейцы / прэс-служба Лукашэнкі
У войска ўжо адправілі каля 500 нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання Вілейкі.
Ён запатрабаваў вярнуць у севазварот усе палі ў Мінскай вобласці. Дапамагчы ў гэтым, на яго думку, павінныя батальённа-тактычныя групы, сабраныя з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў.
"Палі ўсе павінны быць вернутыя ў севазварот у будучым годзе. Усе! Што хочаце там рабіце. Каго хочаце прыцягвайце. Вазьміце гэтыя дзве батальённа-тактычныя групы, якія стварылі з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Разумееце, пра што гаворка? Цяпер іх каля 500 чалавек.
Я іх называю дзве батальённа-тактычныя групы. Калі ласка, прымусьце іх тут працаваць імем рэвалюцыі. Рабіце што заўгодна, але прыводзьце ўсё ў парадак. Вазьміце верталёт і праляціце вакол, вы ўбачыце тое, што я вам сказаў", — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, што ў войска Лукашэнка загадаў ссылаць аграрыяў, якія кепска працуюць на жніве, і чыноўнікаў, якія не выконваюць распараджэнні. Атрымліваецца, што цяпер іх у складзе войска зноў вернуць да сельскагаспадарчых работ.