"Гэта не нейкі здзек з людзей" — Лукашэнка пракаментаваў ідэю ссылаць работнікаў у войска

Аляксандр Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота

Аляксандр Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота / прэс-служба Лукашэнкі

Аграрыяў, якія праштрафіліся падчас жніва, будуць ссылаць у войска не для таго, каб "палохаць кагосьці або папоўніць вайсковыя шэрагі". Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць 30 ліпеня.

"Калі ты не хочаш працаваць на гэтай працы, мы цябе праверым на іншай. Нармальнай мужчынскай і жаночай працы — у войску. Там камары, мошкі ды іншае. Хай там паслужаць. Гэта не нейкі здзек з людзей, мы проста даем магчымасць праявіць сябе на іншай працы — мужчынскай складанай працы", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Як паведамлялася раней, 21 ліпеня Лукашэнка загадаў адпраўляць у войска ўсіх, хто не спраўляецца з працай падчас жніва, а таксама чыноўнікаў, якія адмаўляюцца выконваць распараджэнні. Накіроўваць іх ён даручыў на мяжу з Украінай, дзе дыслакуюцца падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый.

Ужо на наступны дзень міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў Лукашэнку, што гатовы браць людзей у войска на перавыхаванне, "каб удасканальваць баявую вывучку нашых людзей, асабліва ваеннаабавязаных". А праз пару дзён з'явіліся паведамленні пра ваенных камісараў, якія пачалі аб'язджаць сельскія гаспадаркі ў сваіх раёнах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.