Ці аслабіць завяршэнне вайны ва Украіне рэжым Лукашэнкі? Меркаванне Шрайбмана
Як фактары Расіі і вайны ўплываюць на рэжым у Беларусі / LookByMedia
— Я памятаю, як у 2022 годзе многія лічылі, што вайна абавязкова аслабіць Лукашэнку. Здавалася, што інакш проста не можа быць. Пачатак 2022 года быў часам, калі ўзнікла адчуванне: так, тое, што адбываецца ва Украіне, — гэта жудасна, але разам з тым мы бачым нейкую дынаміку, якая можа зрушыць з месца, каб выйсці з таго тупіка, у якім апынуўся беларускі палітычны крызіс на пачатак 2022 года, — нагадвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
У эфіры Еўрарадыё ён паразважаў на тэму, што будзе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, калі вайна ва Украіне скончыцца. Ці азначае гэта, што ён аслабне і ў Беларусі з’явіцца шанец на перамены?
— Сцвярджаць, што мы дакладна ведаем, нібыта заканчэнне вайны абавязкова аслабіць Лукашэнку, немагчыма. Так, гэта можа адбыцца. Але можа быць і наадварот: ён знойдзе новую мадэль, новую нішу, у якой стане яшчэ больш карысным для пасляваеннага рэгіёна. І гэта, наадварот, можа яшчэ больш умацаваць ягоныя пазіцыі, — мяркуе Шрайбман.
Што будзе з санкцыямі ў дачыненні да Беларусі пасля сканчэння вайны? Аналітык лічыць, што частку з іх могуць адмяніць.
— Бо значная частка санкцый уводзілася менавіта ў сувязі з вайной. Уявім, што пагадненне аб перамір'і будзе прадугледжваць зняцце гэтых санкцый з Расіі. Тады зусім невідавочна, што іх пакінуць толькі ў дачыненні да Лукашэнкі.
Таму заканчэнне вайны стане вельмі важнай кропкай разыходжання сцэнарыяў. Пасля яе сітуацыя ў Беларусі сапраўды можа стаць больш дынамічнай. Але гэтая дынаміка зусім неабавязкова будзе на карысць апанентаў рэжыму. Яна цалкам можа развівацца і на карысць самога Лукашэнкі.
Менавіта таму я не стаў бы цяпер рабіць нейкія стоадсоткавыя, лінейныя прагнозы і сцвярджаць, што мы ўжо ведаем, што адбудзецца за гэтым гарызонтам, — падсумоўвае Арцём Шрайбман.