Вы тут

За новым беларускім сайтам стаяць "расійскія лялькаводы"?

За новым сайтам стаяць Мазепін і Бабіч? / калаж Еўрарадыё

Некалькі месяцаў таму ў Беларусі з'явіўся новы інтэрнэт-рэсурс — сайт "Бусел.Анлайн". Партал публікуе невялікія расследаванні пра стан спраў у беларускай эканоміцы, кантрабандныя схемы і палітычную сітуацыю. Хто піша тэксты — невядома: матэрыялы не падпісаныя, інфармацыі пра склад рэдакцыі няма.

Тэлеграм-канал "Белорусский порядок" выявіў сувязь "Бусла" з арганізацыяй з Расіі і, магчыма, з расійскім алігархам Дзмітрыем Мазепіным. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці так гэта.

З Інданезіі — у "Травеньскі ўказ"
 

Зыходзячы са звестак WHOIS, першапачаткова дамен busel.online належаў камусьці ў Інданезіі. Тады ён не абнаўляўся. Магчыма, яго проста купіў хтосьці з кіберсквотараў з мэтай перапродажу.

Восенню 2020-га ў сайта ўпершыню змяніўся ўладальнік. Пазней звесткі схавалі, аднак яшчэ 24 кастрычніка ва ўласніках значылася МГА "Травеньскі ўказ".

Гэта расійскае грамадскае аб'яднанне, створанае пасля падпісання Уладзімірам Пуціным так званых Травеньскіх указаў 2012 года, якія паставілі перад урадам РФ шэраг задач па развіцці краіны. "Травеньскі ўказ" аказваў інфармацыйную падтрымку рэалізацыі гэтай праграмы.

Такім чынам, восенню 2020 года расійская арганізацыя перакупляе дамен з беларускім (напрыклад, яго няма ў слоўніку Ожагава) словам "Бусел" у назве. Да чаго б гэта? Як растлумачылі Еўрарадыё ў самім МГА, аб'яднанне "з'яўляецца ўладальнікам шэрагу даменных імёнаў, перыядычна набываючы новыя даменныя імёны ў сетцы інтэрнэт, у тым ліку ў мэтах перадачы правоў іх адміністравання трэцім асобам".

"Даменнае імя Busel.online было сярод іншых шматлікіх даменных імёнаў набыта МГА "Травеньскі ўказ". У цяперашні час яго фактычным адміністраваннем займаецца незалежная каманда журналістаў, у складзе якой ёсць беларускія "акулы пяра", у тым ліку раней падведзеныя пад рэпрэсіі", — адзначылі ў "Травеньскім указе".

У грамадскім аб'яднанні падкрэслілі, што пасля перадачы правоў адміністравання сайта ў рэдакцыйную палітыку яны не ўмешваюцца. Проста для нейкіх мэт купляюць дамены і перадаюць іх "незалежным камандам журналістаў".

Лялькаводы-буславоды
 

Паводле версіі "Белорусского порядка", за рэдакцыяй "Бусла" можа стаяць група аналітыкаў на чале з палітолагамі Андрэем Суздальцавым і Дзмітрыем Балкунцом. Гэта здагадка грунтуецца на тым, што Балкунец нярэдка спасылаецца на "Бусел" у сваім тэлеграм-канале. Дый пазіцыі ў сайта і ў палітолага ў агульных рысах сыходзяцца.

Аднак сам Балкунец абвяргае сваю прыналежнасць да рэдакцыі "Бусла".

— Я не з'яўляюся журналістам і ніколі ім не быў. Я не перастаю чытаць пра сябе байкі, асабліва тыя, якія нараджаюцца ў запаленай свядомасці КДБ і ўкідваюцца праз падкантрольныя канторы памыйныя каналы. У мінулыя гады з Мінска ішлі прадпісанні рэктару ВШЭ мяне звольніць, таму што я руйную Саюзную дзяржаву. Мне пастаянна прыходзілі пагрозы маёй экстрадыцыі, калі я не перастану займацца беларускай тэмай.

У жніўні мінулага года таварыш Васкрасенскі з падачы сваіх куратараў абвінавачваў мяне ў "перадачы 30 тысяч рублёў ад Мілера на закупку лазерных указак". Цяпер вось нейкі "Бусел". Адначасова з апошнімі ўкідамі мне прыходзяць паведамленні з пагрозамі "адрэзаць галаву і штурхаць яе да мангольскай мяжы". Ці трэба яшчэ каментаваць? — адказвае Дзмітрый Балкунец Еўрарадыё.

І яшчэ раз падкрэслівае: з праектам ён ніяк не звязаны.

Еўрарадыё праверыла нумар тэлефона, пазначаны для кантакту з рэгістратарам і адміністратарам сайта (па звестках на 4 сакавіка) з дапамогай сэрвісу GetContact. Ён паказвае, як уладальнік нумара запісаны ў чужых тэлефонных кнігах. Дык вось, у большасці ён запісаны як "поддержка Reg.ru". Але ў аднаго чалавека — як "Дмитрий Болкунец", а яшчэ ў аднаго — як "Дмитрий Сайт Рег.Ру".

Сама па сабе гэта акалічнасць нічога не даказвае. Хтосьці мог спецыяльна стварыць у сваім тэлефоне кантакт "Дмитрий Болкунец" з гэтым нумарам і даць звесткі сэрвісу GetContact, а потым чакаць, калі мы праверым. Але разам з іншымі абставінамі гэта выглядае цікава.

Асноўныя "донары" (гэта значыць тыя, хто рэпосціць "Бусел" у тэлеграме і прыносіць прагляды) — Дзмітрый Балкунец, Андрэй Суздальцаў і сетка прарасійскіх каналаў, якія працуюць у Беларусі ("Минская семибоярщина", "The Бульба", "Дилетант"). Ужо ў першыя тыдні існавання тэлеграм-канала "Бусла" яго нечакана пачаў рэпосціць"Незыгарь". Выпадкова такі буйны канал малавядомыя каналы не рэпосціць.

Сляды Мазепіна... і Бабіча?
 

Калі ацаніць кантэнт выдання, падазрэнні ў "расійскім следзе" ўмацоўваюцца. Напрыклад, яны дазвалялі сабе апытанне пра тое, ці не дыялект рускай беларуская мова, а ў адным з матэрыялаў былі згаданы "ўкраінскія нацыяналісты".

"Белорусский порядок" звязвае з'яўленне "Бусла" з інтарэсамі Дзмітрыя Мазепіна. Бізнесмен, які мае беларускія карані, быў дастаткова актыўны пасля жніўня 2020 года. Ён заяўляў пра неабходнасць стварыць "Камітэт нацыянальнага выратавання Беларусі" і ініцыяваў прыём у расійскія ВНУ рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.

Непасрэдных пацвярджэнняў сувязі Мазепіна і "Бусла" мы не знайшлі. Але адзін з заснавальнікаў МГА "Травеньскі ўказ", Рынат Гізатулін, працаваў ва "Уралхіме", а цяпер начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю "Уралкалія". Адзін з уласнікаў абедзвюх арганізацый — Дзмітрый Мазепін.

Сетку тэлеграм-каналаў, якія рэпосцяць кантэнт "Бусла", аб'ядноўвае вялікая сімпатыя да экс-амбасадара Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча, які са скандалам пакідаў сваю пасаду. У кадэнцыю Бабіча той жа Мазепін увайшоў у беларуска-расійскі дзелавы савет. Дый калісьці, падчас працы Бабіча паўнамоцным прадстаўніком у Прыволжскай федэральнай акрузе, ён з бізнесменам кантактаваў і наведваў яго прадпрыемства. Яшчэ адно супадзенне: у "Бусла" эканамічны ўхіл, а беларускі МЗС называў Бабіча рахункаводам.

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.