Пра што мараць прапагандысты: польская пагроза Шродынгера і гарантыі Расіі

Пратэсты ў Беларусі / Reuters

Расійская прапаганда спрабуе асэнсаваць пратэсты ў Беларусі і адначасова палохае "імперыялістычнымі амбіцыямі" Польшчы, якая нібыта хоча вярнуць "Крэсы", і татальнай залежнасцю "беларускай стабільнасці" ад Расіі. Пра што мараць прапагандысты? Еўрарадыё прачытала іх вільготныя мары за вас.

Расія як апошні і адзіны гарант "беларускай стабільнасці"

Цяпер ледзь не асноўны наратыў у прарасійскай прапаганды, накіраванай на Беларусь, — "мы ваша апошняе выратаванне". Расійскія рэсурсы не хаваюць, што Лукашэнка змог утрымацца толькі дзякуючы Маскве, якая не падтрымала пратэсты.

Заходнерусіст і палітолаг Усевалад Шымаў у сваім тэксце "Ці адновяцца пратэсты ў Беларусі?" сцвярджае, што менавіта знешняе ўмяшанне Расіі адыграла немалую ролю ў тым, што "гэты раўнд палітычнай барацьбы застаўся за дзейнай беларускай уладай. Сітуацыя стабілізавалася пасля таго, як пра падтрымку дзейнай беларускай улады заявілі ў Маскве, а Захад абмежаваўся досыць сімвалічнай дапамогай пратэстоўцам".

Але ў найбліжэйшы час гэты ў цэлым спрыяльны для Лукашэнкі расклад можа змяніцца, лічыць Шымаў. У першую чаргу таму, што амерыканскія дэмакраты праводзяць больш актыўную палітыку на постсавецкай прасторы:

"Калі Вашынгтон пачне разыгрываць антырасійскую карту, то дэстабілізацыя найбліжэйшага геапалітычнага акружэння, уключаючы Беларусь, стане адным з асноўных напрамкаў гэтай палітыкі. Разнастайныя санкцыі могуць пасыпацца на Мінск як з рога дастатку. Калі гэта адбудзецца, то ключ ад эканамічнай стабільнасці Беларусі апынецца цалкам у руках у Расіі".

Але ў Крамля можа папросту не аказацца часу і магчымасцяў для дапамогі Лукашэнку, калі Расія будзе ўцягнутая ў новую канфрантацыю з Захадам. Атрымліваецца, што "гарант стабільнасці" з Расіі так сабе.

Акцыя салідарнасці з беларусамі ў Расіі / Reuters

"Такім чынам, знешнепалітычны фон для беларускага рэжыму выглядае вельмі трывожным, і, калі дзеянні знешніх гульцоў прывядуць да эканамічнай дэстабілізацыі, уся сістэма можа пасыпацца, як картачны домік", — робіць заключную выснову Шымаў.

Падобную ідэю прапіхвае Кірыл Азімка ў артыкуле "План перамогі. Пра тактыку беларускай апазыцыі на 2021 год".

Ягоная думка простая — пакуль Беларусь знаходзіцца "пад крылом РФ", хвалявацца беларусам няма пра што. Ну, акрамя таго факта, што Беларусь усё больш будзе залежаць ад Расіі:

"Пры кіраванні Байдэна Захад можа істотна ўзмацніць санкцыйны эканамічны ціск на рэспубліку, у выніку чаго яе ўнутрыпалітычнае становішча будзе яшчэ больш залежаць ад Расіі. І ў прынцыпе менавіта Расія забяспечвае стабільнасць Беларусі — і эканамічна, і ў сэнсе бяспекі".

Праўда, Азімка не кажа, што будзе, калі прэс эканамічных санкцый абрынецца на Расію, якая і так знаходзіцца ў незайздросным становішчы праз спробу забойства Навальнага.

Польскі імперыялізм наносіць удар у адказ Шродынгера 

Паралельна з расказамі пра тое, што Расія — апошняя абарона для Лукашэнкі, працягваецца прапіхванне ідэі "польскага імперыялізму". Гэтыя гісторыі былі і да выбараў, Еўрарадыё пісала пра іх раней.

Польскія ўльтраправыя / Reuters

На думку Кісялёва, правільныя палякі ў разуменні польскіх уладаў — толькі беларускія каталікі.

Адначасова з гісторыяй пра "імперыялістычныя замашкі" Польшчы прасоўваецца ідэя пра тое, што арміі краін, якія абкружаюць Беларусь, няздольныя як у нападзе, так і ў абароне.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Храленка прыводзіць у прыклад вынікі вучэнняў "Зіма-2020" у Польшчы, дзе віртуальны праціўнік разграміў польскае войска ўсяго за пяць дзён.

Храленка тлумачыць, што камп'ютарнае мадэляванне вайны на ўсходняй мяжы Польшчы паказала, што на чацвёрты дзень Варшава была абкружаная, стратэгічныя парты заблакаваныя або занятыя, авіяцыя і флот спынілі сваё існаванне, нягледзячы на падтрымку НАТА.

І тут атрымліваецца нейкая пагроза нападу Шродынгера: адначасова Польшча, на думку прапагандыстаў, думае пра захоп заходніх тэрыторый Беларусі і ў той жа час усведамляе сваю ўласную ваенную няздольнасць. Парадокс.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.