Вось табе Крэсы: як прарасійская прапаганда ратуе Беларусь ад Польшчы

Марш польскіх нацыяналістаў у Варшаве / Reuters
Марш польскіх нацыяналістаў у Варшаве / Reuters

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў на пракрамлёўскія прапагандысцкія рэсурсы вярнуўся наратыў "польскай пагрозы" для Беларусі. Тут табе і каланіяльная палітыка Польшчы, і спансаванне "інфадыверсантаў", і падтрымка "кандыдатаў пратэсту". Адны тлумачаць "польскую агрэсію" ўласнымі імперскімі амбіцыямі Польшчы, другія — тым, што праз заходнюю суседку Беларусі свае інтарэсы ў нашай краіне прасоўвае НАТА.

"Трунары, якія танцуюць" на польскія грошы... або не?

Вот те Кресы: как пророссийская пропаганда спасает Беларусь от Польши

Аўтар САНАР-2050 Яўген Валодчанка ў выпуску аўтарскага відэаблога з недвухсэнсоўнай назвай "Моладзевы блок" на польскія грошы" раскрывае сетку "польскіх інфадыверсантаў" у Беларусі: дзе публікуюць фэйкі, як распаўсюджваюць укіды, хто арганізатар маргінальных акцый, кім фінансуюцца іх заступнікі. І пры чым тут наогул Польшча.

Валодчанка пералічвае "правакатараў", якія крытыкавалі масавыя мерапрыемствы падчас эпідэміі каранавіруса. Іх два: тэлеграм-канал "Баста!" і сайт "Хартыя'97". Асобна дастаецца актывістам "Моладзевага блока", якія правялі акцыю ў стылі "трунароў, якія танцуюць" супраць парада падчас яго апошняй рэпетыцыі:

"Купка маргіналаў нясе муляж труны пад вясёлую музычку. Пры гэтым прытанцоўваючы. А побач ідзе рэпетыцыя парада да 9 траўня", — апісвае Валодчанка апошнюю акцыю "Моладзевага блока".

 

"Хто іх прасоўвае і спансуе? — задаецца пытаннем Яўген Валодчанка. — Акцыю арганізавалі актывісты "Моладзевага блока", некаторыя з іх сябры розных апазіцыйных партый, якія фінансуюцца заходнімі фондамі. Раскруткай і прасоўваннем займаецца польска-брытанскі тэлеканал "Белсат" і "Радыё Свабода". Так, "Белсат" фінансуецца МЗС Польшчы і міжнароднымі донарамі, А "Радыё Свабода" спансуецца Кангрэсам ЗША".

Пытанне пра тое, хто спансуе ўласна "Моладзевы блок", у плыні абурэння застаецца без адказу.

Далей — стандартны штамп пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг падчас вайны выкарыстоўвалі нацысты. І ўсё. Чаму Валодчанка вырашыў, што акцыі супраць парада ў Мінску — правакацыі Польшчы, — мы так і не даведаемся.

Спяць і бачаць, як польскія войскі ўваходзяць у Мінск

Вот те Кресы: как пророссийская пропаганда спасает Беларусь от Польши

Выкладчык Мікола-Угрэшскай духоўнай семінарыі і "палітолаг" Сяргей Іваннікаў ужо з'яўляўся ў папярэдніх разборах прарасійскай прапаганды. Мінулы раз ён расказваў пра Віктара Бабарыку і беларускую алігархію, што рвецца да захопу ўлады ў Беларусі.

Цяпер аказваецца, што і Польшча туды ж. Натаўскі бот польскага салдата ў любы момант гатовы таптаць беларускую зямлю. Напэўна, вельмі цяжка жыць, калі лічыш, што вакол ворагі.

"Для Польшчы Беларусь — гэта ўсяго толькі частка страчаных усходніх зямель, якія павінны вярнуцца ў склад польскай дзяржавы. Сярод польскіх нацыяналістаў ёсць гарачыя галовы, гатовыя прыступіць да захопу беларускіх зямель хоць заўтра. Натуральна, пры дапамозе натаўскіх войскаў. Польскі палітычны істэблішмент спіць і бачыць, як польскія войскі ўваходзяць у Мінск", — заяўляе ў інтэрв'ю прарасійскаму прапагандысцкаму выданню "Украина.ру" Іваннікаў. Інтэрв'ю перадрукоўвае беларускі прапагандысцкі рэсурс "Телескоп".

Сам Іваннікаў, як прадстаўнік рускага свету і носьбіт імперскіх поглядаў, не хавае свайго жадання, каб Беларусь стала часткай "Саюзнай дзяржавы". Праўда, і тут ні пра якое раўнапраўе гаворкі не ідзе: "Такое патрабаванне па сутнасці сваёй з'яўляецца неабгрунтаваным", — заяўляе ён.

"Час малых незалежных дзяржаў прайшоў, — чаканіць прарасійскі "палітолаг". — Беларусь не здольная стаць цэнтрам рускай цывілізацыі. Натуральны вектар яе далейшага развіцця — саюз з Расіяй".

Чаму беларусы павінны стаць часткай такога саюза? Ды ўсё проста. На думку "палітолага" — большасць беларусаў падтрымлівае ідэю "Саюзнай дзяржавы". Лозунг "назад у Расію" ў Беларусі імкліва ператвараецца ў вядучы трэнд, заяўляе Іваннікаў:

"Беларускае грамадства не дзеліць сябе на беларусаў і рускіх. Гэта — неістотная тэма для беларускай грамадскай свядомасці. Важней, што ў адносінах да рускага свету гэта грамадства ўсведамляе сябе як арганічная яго частка".

А калі беларуская ўлада вырашыць ісці насуперак жаданням народа, то Беларусь будзе знішчаная: "Беларуская дзяржава страціць сваю легітымнасць, ператворыцца ў фантом, чыё існаванне будзе вельмі нядоўгім. Расія дапаможа яму знікнуць", — пагражае Іваннікаў.

Іваннікаў вымалёўвае апакаліптычную карціну для свавольнай Беларусі: быць захопленай і знішчанай Захадам, стаўшы калоніяй Польшчы і Еўрасаюза, або аказацца часткай "рускага свету" на правах васала і ўскраіны — у дакладна такім жа падначаленым становішчы.

Расія — абарона ад каланіяльнай палітыкі Польшчы

Вот те Кресы: как пророссийская пропаганда спасает Беларусь от Польши
Марш польскіх нацыяналістаў у Варшаве / Reuters

Галоўны рэдактар сайта IMHOclub і "палітолаг" Аляксей Дзермант, які любіць пакрасавацца ў эфіры беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, у свежым інтэрв'ю расказвае пра жаданне Польшчы "вярнуць" сабе "Усходнія Крэсы" і каланізаваць іх. Цікавая дэталь: як і ў выпадку з Іваннікавым, "ИМХОклаб" таксама перадрукоўвае публікацыю з сайта "Украина.ру".

На думку Дзерманта, у Польшчы існуе некалькі палітычных традыцый, адну з іх прапануецца ўмоўна назваць "легіёнскай" — гэта экспансія на ўсход і актыўны польскі імперыялізм: "Гэта лінія ў Польшчы ўкаранёная. Яе нельга назваць самастойнай. Проста яна цяпер упісана ў агульную стратэгію дамінавання ЗША ў Еўропе".

Далей Дзермант сцвярджае, што Польшча працягвае ўкладвацца ў пратэставую інфраструктуру ў Беларусі і на цяперашніх выбарах кандыдаты з пратэставым парадкам дня звязаныя з "часткай польскіх эліт". Эксперт прыводзіць наступны аргумент у падтрымку свайго меркавання: "Гэта факт".

У нядаўна апублікаванай польскай стратэгіі бяспекі не была згаданая Беларусь. Тут Дзермант бачыць нежаданне Польшчы разглядаць нашу краіну ў рамках агульнай стратэгіі. Маўляў, для беларускага напрамку ёсць асобны план. І наогул, польскія ўлады "хочуць гэта разглядаць як унутраную польскую справу і як частку ўсходняй палітыкі Польшчы, каб потым агучаныя ў гэтай стратэгіі палажэнні прымяняць на практыцы. Каб на ўзроўні МЗС рэалізоўваць гэту глабальную стратэгію канкрэтна да Беларусі".

Страшылка пра польскі імперыялізм і каланіяльныя жаданні зноў стала папулярная ў прарасійскіх прапагандысцкіх медыя. Пастуляванне "польскай пагрозы" суседнічае на такіх рэсурсах з жаданнем "вярнуць" Беларусь і "далучыць" яе да Расіі з далейшай каланізацыяй і канчатковым рашэннем "беларускага пытання".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі