Вы тут

З крамаў знікла кніга "Паўстанне мас", пра якую казаў Віктар Бабарыка

"Паўстанне мас"

Крама OZ.by прыбрала з каталога кнігу "Паўстанне мас" іспанскага філосафа Хасэ Артэгі-і-Гасета. З раніцы 24 чэрвеня кнігу немагчыма знайсці ў каталогу на сайце пляцоўкі.

"На жаль, такой кнігі ў нас няма. Яна не прадстаўленая цяпер у нашым каталогу, — расказалі Еўрарадыё ў OZ.by. — Можа быць, выдалілі з нейкай прычыны. Не магу падказаць, з якой прычыны і ці была яна раней".

Іншая інтэрнэт-пляцоўка — Wildberries.by — вяртае грошы пакупнікам, якія спрабуюць заказаць "Паўстанне мас".

Зусім нядаўна "Паўстанне мас" яшчэ можна было знайсці ў каталогу OZ.by. Больш за тое: кніга карысталася попытам пасля таго, як яе ў адкрытым інтэрв'ю TUT.by згадаў фаварыт цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі Віктар Бабарыка. На пытанне, што ён будзе рабіць, калі па выніках выбараў яму "намалююць" сціплыя тэхнічныя "5,5% галасоў", ён адказаў, што гатовы выйсці на плошчу, калі яму скажуць гэта зрабіць выбаршчыкі.

— Мне здаецца, што мы забываем, што ні ў адной краіне свету, пачытайце кнігу "Паўстанне мас", ні адзін дыктатарскі рэжым не можа ўтрымацца, калі ў яго няма электаральнай большасці. Ён можа ўтрымацца кароткі час на крыві, толькі на крыві. Калі хтосьці гатовы ўзяць на сябе адказнасць за праліццё крыві, а гэта не я казаў, што буду расстрэльваць людзей, то гэта будзе яго адказнасць, — дадаў Бабарыка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.