З чаго пачынаць рэформы ў адукацыі: досвед Украіны

З чаго пачынаць рэформы / pixabay
З чаго пачынаць рэформы / pixabay

У цэнтры рэформы адукацыі павінен стаяць чалавек — гэта значыць школьнік і студэнт. Гэта галоўная ідэя, якую мы вынеслі з экспертнай дыскусіі з украінскімі спецыялістамі, якую арганізавалі сумесна "Банк ідэй" і Офіс Святланы Ціханоўскай.

Сцісла раскажам пра самыя цікавыя высновы з украінскага досведу рэформаў у адукацыі.

 

Міністры не галоўныя

— Ва Украіне ініцыятарамі рэформы адукацыі былі не міністры, а спецыялісты сферы. У асноўным гэта былі маладыя людзі, якія хацелі зменаў і бачылі, як іх дасягнуць. Мы збіралі найлепшых прафесіяналаў і вызначалі, што трэба рабіць перш за ўсё. Грамадзянская супольнасць адыгрывала большую ролю, чым кіраўніцтва краіны. Мы прымушалі мяняцца і фінансаваць змены, — кажа прафесарка Наталля Шульга, галоўная экспертка па адукацыі і навуцы грамадзянскай платформы "Рэанімацыйны Пакет Рэформаў". У 2014 годзе яна стала дэпутаткай Кіеўскай гарадской рады і была ініцыятаркай рэфармавання школьнай адукацыі.
 

Напрацоўкі трэба мець загадзя

Да моманту зменаў, якія пачалі ўводзіць у 2014 годзе, матэрыялы, якія ляглі ў аснову заканадаўства і падзаконных актаў, былі гатовыя ўжо на 80%. Гэта значыць, працаваць над праграмай трэба пачынаць загадзя.

— З пачатку нулявых гадоў у нас існаваў рух, які аб'яднаў розныя групы людзей, якія генеруюць прапановы. Сталі з'яўляцца вялікія праекты, якія існавалі на працягу некалькіх гадоў, а вынікамі станавіліся канкрэтныя канцэпты, — расказаў намеснік міністра адукацыі і навукі Украіны ў 2009–2010 гадах Тарас Фінікаў.

Цяпер ён прэзідэнт Міжнароднага фонду даследаванняў адукацыйнай палітыкі, прафесар факультэта Artes Liberales Варшаўскага ўніверсітэта.

Цяпер ва Украіне ВНУ атрымліваюць усё большую аўтаномію. Гэтую ідэю яшчэ ў нулявых пачаў распрацоўваць кансорцыум групы ўніверсітэтаў.

Тарас Фінікаў пра рэформу адукацыі

Бізнес у адукацыі

Наспела неабходнасць партнёрства бізнесу і ВНУ. І вялікі бізнес стаў ствараць уласныя акадэміі, рыхтаваць кадры для сваіх прадпрыемстваў. У дзяржаўную адукацыю яны не вераць, таму схільныя падтрымліваць прыватныя ВНУ. Зрэшты, эксперты прызнаюць, што асабліва ўдалых прыкладаў прывесці пакуль нельга — але ёсць надзея, што яны з'явяцца.

Аднаго міністэрства мала

Адна з цэнтральных ідэй зменаў у адукацыі ў 2014 годзе была ў тым, каб Міністэрства адукацыі перастала быць адзіным цэнтрам прыняцця рашэнняў.

Міністэрства заставалася генератарам палітычных і нарматыўных рашэнняў. Частка функцый перадавалася Нацыянальнаму агенцтву па забеспячэнні якасці адукацыі. Пытаннямі фінансавання даследчай дзейнасці займаўся Нацыянальны фонд навуковых даследаванняў.

Павелічэнне аўтаноміі ВНУ досыць сур'ёзна абмежавала магчымасці міністэрства ўплываць на сітуацыю.

— Я не адчуваю, што міністэрства з'яўляецца органам, які нешта тармозіць або навісае над украінскімі ВНУ. Яно не ёсць тым, чым было яшчэ 10-12 гадоў таму, — кажа Фінікаў.

 

Школы за вашы падаткі

Сярэдняя адукацыя стала сферай адказнасці мясцовых уладаў. Каля 60% індывідуальных падаткаў вяртаюцца мясцовым грамадам, і людзі маюць магчымасць распараджацца сваімі падаткамі. У тым ліку фінансаваць за іх кошт школы.

Моўнае пытанне

Ва ўсіх базавых законах украінская мова адзіная для адукацыі. Аднак дазволена ствараць асобныя праграмы і курсы, калі ў школе набіраецца больш за пяць бацькоў, якія лічаць, што ім патрэбны прадмет на іншай мове.

Але гэта не датычыцца муніцыпальнай школы, толькі прыватных.

Вышэйшую адукацыю ў ВНУ можна атрымліваць толькі на ўкраінскай і англійскай мовах.

— Калі мы адстойвалі мову, мы казалі: вашыя дзеці не змогуць вучыцца ў ВНУ, калі вы не будзеце ведаць дзяржаўную мову. А дзяржслужбоўцы здаюць экзамен на веданне дзяржаўнай мовы. На бацькоў, якія не хочуць, каб іх дзеці жылі ва Украіне, мы не можам паўплываць. Але дзіця павінна сацыялізавацца на дзяржаўнай мове, — кажа Наталля Шульга.

Гэта гучыць даволі безапеляцыйна, але Тарас Фінікаў лічыць, што моўнае пытанне для Украіны цяпер не ёсць вострае. Хутчэй, яно інспіруецца звонку.

 

Грошы

Іх ніколі не было дастаткова. Выкладчык ВНУ ўсё яшчэ не можа сказаць, што яго прафесія прэстыжная. Такім чынам, і ў студэнта няма жадання пайсці ў аспірантуру, каб вярнуцца ў ВНУ выкладчыкам.

С чего начинать реформы в образовании: опыт Украины
Грошай у адукацыі ўсё яшчэ бракуе / pixabay

Але пасля прыняцця закона 2014 года было вырашана пачаць уводзіць інструменты, якія дазволяць зрабіць аплату працы педагогаў больш справядлівай. Вырашылі: ВНУ, якія лепш працуюць, павінны зарабляць больш. І пераразмеркавалі сродкі, якія ім выдаюцца.

Формула разлікаў складаная, але яе сутнасць зводзіцца да таго, каб улічыць поспехі ВНУ ў навуковай, навучальнай дзейнасці, яго сувязі з рэальнымі сектарамі эканомікі. І больш паспяховыя ВНУ атрымліваюць на 10-15% больш да гадавога фінансавання.

 

Хутка не будзе

Паслухаўшы ўкраінскіх экспертаў, мы зразумелі: хуткай рэформа адукацыі не бывае. Так што пачаць выпрацоўваць ідэі трэба проста цяпер.

Больш падрабязна выступы экспертаў можна паслухаць тут

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі