З Беларусі можна вывезці не больш за 1 кг солі, цукру, крупаў, макаронаў

Урад абмяжоўвае вываз з Беларусі некаторых харчовых тавараў, паведамляе прэс-служба Саўміна. 

Прыняцце пастановы тлумачыцца абаронай унутранага рынку. Маўляў, у памежных раёнах узнік павышаны попыт на бакалею: фізічныя асобы скупляюць тавары камерцыйнымі партыямі і вывозяць за межы Беларусі.

Пад абмежаванні трапілі мука (грэцкая, пшанічная), крупы (грачаныя, рысавыя, манныя, аўсяныя, аўсяныя шматкі, проса), цукар, соль, макаронныя вырабы. Іх можна вывозіць за межы ЕАЭС не больш як 1 кілаграм. 

Вываз расліннага алею абмежаваны 1 літрам, мясныя, малочныя і рыбныя кансервы — 3 бляшанкамі (за выключэннем кансерваў для дзіцячага харчавання).

Паведамляецца, што пад гэтае абмежаванне не трапяць тавары, купленыя ў крамах бяспошліннага гандлю (д'юці-фры), размешчаных у пунктах пропуску праз дзяржмяжу Беларусі.

Пры гэтым аблвыканкамы могуць дазваляць вываз пералічаных тавараў без абмежаванняў у асобных выпадках.

Цікава, што вываз мукі, крупаў, макаронаў, цукру ды іншых прадуктаў ужо быў забаронены пастановамі Саўміна ў сакавіку — на тры месяцы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.