Вытворца забароненай расійскай кавы:Мы правялі сваю экспертызу, усё ў норме

“15 снежня мы атрымалі Пастанову галоўнага санітарнага урача Рэспублікі Беларусь аб прыпыненні звароту натуральнай молатай кавы “Мока” на тэрыторыі Беларусі. Пастанова прадпісвае спыніць абарот прадукту з 12 снежня. Прычынай стала завышаная колькасць афлатаксіну ў каве. Пры гэтым вынікаў экспертыз, пратаколаў тэставання, вынікаў лабараторных аналізаў нам не далі”, — расказвае Еўрарадыё спецыяліст па камунікацыях кампаніі “Пауліг Рус” Алена Несцерава.

Супрацоўніца расійскай кампаніі расказвае, што беларускае Мінздароў’я перадало пастанову ў расійскую кампанію праз дылера ў Мінску. “У нас гэта першы такі выпадак за ўсю практыку”, — кажа Алена Несцерава.

Цікава, што сама кампанія-вытворца адносна расійская. Штаб-кватэра і галоўны абсмажвальны цэх знаходзяцца ў Фінляндыі. Расійскі філіял пастаўляе прадукцыю ва ўсе краіны СНД.

Вытворца ўжо выявіў, да якой менавіта партыі Беларусь мае прэтэнзіі. Каву з яе вырашылі праверыць адразу ў трох краінах: у Беларусі, Расіі і Фінляндыі, расказвае Алена:

“Наша кампанія сочыць за якасцю і бяспекай прадукцыі. Гэта прыярытэт для нашай кампаніі, як еўрапейскай кампаніі. Мы зараз перадалі узоры з гэтай жа партыі для экспертызы ў некалькі лабараторый. На тэрыторыі Расіі, Беларусі і Фінляндыі. На сёння мы ўжо маем вынікі даследаванняў з некалькіх расійскіх лабараторый. Яны паказваюць утрыманне афлатаксіну ў межах нормы”.

Цяпер расійскі вытворца вымае з таваразвароту ў Беларусі сваю прадукцыю.

“Прынятае рашэнне гэта зрабіць да атрымання вынікаў нашай экспертызы ў Беларусі. Наступныя крокі будуць залежаць ад іх вынікаў”, — гавораць у кампаніі.

Вынікі фінскай і беларускай экспертыз у кампаніі абяцаюць атрымаць праз некалькі дзён.

Храналогія расійска-беларускага гандлёвага канфлікту:

20 лістапада — “Рассельгасхарч” інфармуе Беларусь пра абмежаванне паставак садавіны і гародніны з тэрыторыі Беларусі. Прычына — падазрэнні ў рээкспарце з краін Еўрасаюза.

24 лістапада — Расія ўводзіць забарону на пастаўкі мясной прадукцыі васьмі беларускіх прадпрыемстваў. Афіцыйная прычына — геном свіной чумы ў мясе і каўбасах. Незалежныя эксперты гавораць, што сапраўднай прычынай забароны таксама з’яўляецца рээкспарт мяса з краін ЕС.

26 лістапада — пад забарону трапляюць яшчэ 11 беларускіх прадпрыемстваў.

27 лістапада — На сітуацыю рэагуе кіраўнік краіны. “Не трэба нас прэсаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачнеце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду", — абяцае Лукашэнка.

4 снежня — Віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы праводзіць перамовы са сваім калегам з Расіі Аркадзем Дварковічам. Дамаўляюцца па 4 прадпрыемствах. Рэшту абяцаюць праверыць да 14 снежня.

8 снежня — Беларусь аднаўляе выбарачны мытны кантроль на беларуска-расійскай мяжы. “Нашы фуры стаяць па 3-4 дні на мяжы”, — паведамляюць расійскія перавозчыкі.

12 снежня — Галоўны санітарны урач Беларусі Ігар Гаеўскі выдае пастановы аб забароне на гандаль кавай і локшынай расійскіх вытворцаў. Афіцыйная прычына — шкодныя рэчывы. Прадукцыю канфіскоўваюць з крамаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі