Як праблемы ў Wildberries і Ozon адбіваюцца на беларускім бізнесе

Wildberries 

Wildberries  / AFP

Атакі беспілотнікаў і пажары на расійскіх складах Wildberries і Ozon паказалі, наколькі цесна беларускі бізнес звязаны з расійскай лагістычнай інфраструктурай. Пакуль расійскія кампаніі разбіраюцца з наступствамі пашкоджанняў складоў, праблемы закранулі і беларускіх прадпрымальнікаў, якія выкарыстоўваюць расійскія платформы для захоўвання і продажу сваіх тавараў.

Гэтая сітуацыя прымушае па-новаму паглядзець на рызыкі такой залежнасці: наколькі ўразлівы беларускі бізнес, калі значная частка яго продажаў і лагістыкі засяроджана на расійскіх пляцоўках? Ці ёсць у прадпрымальнікаў рэальныя альтэрнатывы і як тое, што адбываецца, можа адбіцца на пакупніках?

Пра тое, наколькі небяспечная мадэль моцнай прывязанасці да расійскіх маркетплейсаў, якія альтэрнатывы ёсць у бізнесу і чаго чакаць звычайным пакупнікам, Еўрарадыё пагаварыла з эканамісткай Анастасіяй Лузгіной.

22 тысячы закладнікаў: маштаб залежнасці беларускага бізнесу

Паводле звестак Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў, больш за 22 тысячы беларускіх кампаній захоўваюць сваю прадукцыю на расійскіх складах Wildberries. Калі лагістычныя цэнтры буйнога рытэйлера рэгулярна падвяргаюцца атакам, гэта непасрэдна пагражае стабільнасці продажаў беларускіх селераў. Бізнес нясе рэальныя страты, якія нярэдка вымяраюцца дзясяткамі тысяч беларускіх рублёў.

Пры гэтым, пакуль расійскія рэгіёны ўкараняюць праграмы падтрымкі, у Беларусі механізмаў дапамогі пацярпелым кампаніям на дзяржаўным узроўні дагэтуль няма.

Анастасія Лузгіна адзначае кантраст у дзеяннях улад дзвюх краін:

— Калі мы паглядзім з боку расійскіх прадпрымальнікаў, то там ужо ёсць шэраг дзеянняў з боку ўлад — напрыклад, у некаторых рэгіёнах уведзены спецыяльныя меры падтрымкі для пацярпелых. Міністэрства фінансаў заявіла, што тым, хто панёс значныя страты, будзе дадзена адтэрміноўка па шэрагу падаткаў.

Сам Wildberries таксама спрабуе згладзіць сітуацыю для расійскіх прадаўцоў, прапаноўваючы ім зніжкі на захоўванне тавараў і бясплатныя транзітныя пастаўкі.

Беларускія ж прадпрымальнікі фактычна пакінуты сам-насам з праблемамі. Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў звярнуўся ў Міністэрства эканомікі з прапановай стварыць рабочую групу і разгледзець магчымыя меры падтрымкі, але ведамства пакуль маўчыць.

— Што да беларускіх кампаній, то пакуль беларускія ўлады маўчаць. У людзей няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Хтосьці наймае адвакатаў, але як гэты працэс будзе праходзіць — незразумела. І рызыкі таго, што гэтыя грошы могуць не вярнуцца, натуральна, існуюць, — канстатуе эканамістка.


Адзін канал продажаў і 83% выручкі: у чым небяспека “манаполіі” Wildberries?

Паказальным прыкладам уразлівасці такой схемы стаў выпадак з адным з беларускіх вытворцаў. Продажы праз Wildberries прыносілі кампаніі 83% усёй выручкі. Пасля пажару на складзе ў яе згарэла каля 50 тысяч адзінак тавару, а страты папярэдне ацанілі больш чым у 2 мільёны расійскіх рублёў (больш за 24 тысячы долараў).

Как проблемы у Wildberries и Ozon отражаются на белорусском бизнесе
Пажар на Wildberries / PAP/EPA/STRINGER

Ілюзія ўстойлівасці: чаму расійскія праблемы заўсёды становяцца беларускімі

Праблемы на рынку маркетплейсаў — гэта толькі прыватны прыклад сістэмнай залежнасці Беларусі ад расійскай эканомікі. Любыя ваганні на рынку суседняй краіны непасрэдна адбіваюцца на беларускім бізнесе і грамадзянах.

— Залежнасць ад расійскай эканомікі праяўляецца ў розных кірунках. Як бы беларускія ўлады ні спрабавалі дыверсіфікаваць знешні гандаль і фінансавыя патокі, функцыянаванне нашай эканомікі па-ранейшаму шмат у чым залежыць ад магчымасцей расійскага рынку, — рэзюмуе Анастасія Лузгіна.

Гэтая залежнасць працуе ў абодва бакі.

Калі ў Расіі расце попыт на канкрэтную беларускую прадукцыю, айчынны дзяржсектар атрымлівае часовую перадышку. Напрыклад, калі павялічылася патрэба ў нафтапрадуктах, нафтавы сектар Беларусі стаў адчуваць сябе лепш, а заробкі там выраслі.

Але як толькі ў Расіі адбываюцца збоі — ці то атакі на лагістычную інфраструктуру, ці то эканамічныя цяжкасці, — удар імгненна пераносіцца на Беларусь. І першымі пад яго трапляюць малы і сярэдні бізнес, чыя праца непасрэдна залежыць ад стабільнасці расійскіх лагістычных ланцужкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.