У нявыплаце падаткаў падазраюць уладальніцу сеткі з 20 крамаў
Адна з крамаў сеткі / Камітэт дзяржкантролю
У нявыплаце падаткаў на суму больш за 2,5 млн рублёў падазраюць уладальніцу сеткі з 20 крамаў. Як заявілі ў Камітэце дзяржкантролю, частку тавараў кампанія закупляла за мяжой без дакументаў, а выручку хавала і размяркоўвала паміж некалькімі фірмамі.
Паведамляецца, што праверкай займалася ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Брэсцкай вобласці. Кампанія гандлявала абуткам, трыкатажам, пасцельнымі прыналежнасцямі, сумкамі ды іншымі таварамі. Крамы гэтай сеткі працавалі амаль ва ўсіх рэгіёнах краіны, а фактычнай уладальніцай бізнесу была жыхарка Барысава.
У ДФР заяўляюць, што жанчына стварыла шэсць арганізацый на спрошчанай сістэме падаткаабкладання. І выручку асноўнай кампаніі размяркоўвалі паміж гэтымі фірмамі, каб зменшыць падаткі.
На ўладальніцу бізнесу пачалі крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.