Вы тут

Варламаў: Беларускае — не дрэннае, проста гэта частка ўніформы для людзей

Саша Варламаў сустракае нас у сваім пакоі, у двухпакаёвай кватэры спальнага раёна ён жыве разам з сястрой і пляменніцай. Праз два месяцы пасля выхаду з СІЗА ён ходзіць ужо без кійка, выглядае нашмат больш бадзёрым, чым на судзе.

Еўрарадыё: Мінулі два месяцы пасля вашага вызвалення. Чым вы займаліся ўвесь гэты час?

Саша Варламаў: Я ацэньваў тое, што са мной адбылося, спрабаваў разабрацца, што мяне прывяло туды, зразумець сэнс таго, што адбывалася. Мне дагэтуль кепска, нягледзячы на тое, што мае сябры выцягвалі мяне. Я не мог ні хвіліны спаць, бо маё цела памірала. Потым мяне шпіталізавалі, і я ўжо магу рухацца. А некалькі тыдняў таму на вуліцы сустрэў жанчыну, яна проста спыніла мяне і кажа: "Я інвалід першай групы і мне давядзецца жыць столькі, колькі даў Бог, але ад мяне залежыць, я буду жыць гэты час хворай або жыць. Вы для сябе вызначыце: або вы хворы далей жывяце, або жывяце".

Пасля бальніцы мне сказалі, што трэба ў басейн. Памятаю, заходжу я ў гэты басейн пасля двух гадоў фактычна фізічных здзекаў і думаю: які абсурд. Калі мяне два гады знішчалі, а цяпер я павінен аднавіць здароўе. А сэнс быў знішчаць, калі паводле закону пасля я павінен атрымаць сацыяльную і медыцынскую рэабілітацыю? І цяпер я намагаюся зразумець, які сэнс быў у гэтым усім і навошта мяне пакінулі ў жывых. Вось, напрыклад, сяджу я на лавачцы ў метро ці на вуліцы, аўтобуса чакаю, падыходзяць незнаёмыя людзі і кажуць: "Мы за вас хваляваліся, трымайцеся, вы павінны штосьці зрабіць. Мы чакаем". Кажу, дзякуй, а сам думаю: а што я мушу зрабіць? Хаджу цяпер і думаю, ну да чагосьці ж мяне вядуць.

 

 

Еўрарадыё: Можа, ужо былі нейкія прапановы, чымсьці заняцца, папрацаваць?

Саша Варламаў: Першы час вакол мяне, дый цяпер таксама — афіцыйная пустыня. Людзі, якія займаюць сацыяльныя статусы, чыноўнікі міла вітаюцца і намагаюцца знікнуць з майго поля зроку. Людзі, якія не займаюцца чыноўніцкай працай, наадварот — падтрымліваюць, пішуць лісты. За тыдзень у сацыяльных сетках з'яўляецца 100 чалавек сяброў. Я для гэтага нічога не раблю. Адзінае, што я магу сказаць, — я гатовы займацца той справай, якой я займаўся раней. Але не на афіцыйным парадку, не з "Млыном моды", гэты праект для мяне памёр. У "Млыне моды" цяпер няма сэнсу, бо ён не мае працягу, рэалізацыі сябе ў вытворчасці, у ланцугу паміж стваральнікам і пакупніком.

Але я гатовы віртуальна, па электроннай пошце, праз Skype працаваць з дызайнерамі, размаўляць з імі на ўзроўні эскізаў, калекцый. Мне цікава гэтым займацца. Я разумею, што яны бедныя, яны мне нічога не могуць даць у плане грошай. Але ў мяне пенсія 1,4 мільёна. Ну, паводле рашэння суда пачнуць вылічаць...

Еўрарадыё: І колькі вылічаюць, ці доўга плаціць давядзецца?

Саша Варламаў: Я падлічыў, што выплаты мусяць скончыцца праз 766 гадоў. У месяц -20% пенсіі. Будзе яшчэ менш, ну што рабіць. Я не голы, не босы, на ежу мне дастаткова. Дый калі не гнявіць Бога, ён дасць неабходнае. Зараз я адкрыты для творчых зносінаў. Будзь то дыялог з дызайнерам-пачаткоўцам або тым, хто хоча штосьці для сябе. Я спакойна стаўлюся да адзення...

Еўрарадыё: Ці хопіць такой сумы на жыццё? Цэны цяпер...

Саша Варламаў: Бывае, сябры ежу прыносяць. Трэба ж і за кватэру заплаціць, таблеткі набыць. Часам гэта людзі, з якімі я раней проста вітаўся. Навошта? Ну, калі Бог дае, значыць, штосьці яшчэ будзе.

Еўрарадыё: Больш за два гады вы не бачылі людзей, у горадзе, на вуліцах. Штосьці змянілася ў іх адзенні?

Саша Варламаў: Усё засталося такім жа. Па-ранейшаму носяць тое, на што хапае грошай. Гэтак ва ўсім свеце. Раскоша і мода — два ўзаемавыключальныя паняцці. Мода выяўляе чалавечы свет. Калі ты апрануты ў золата — ты не апрануты ў моду. Па майцы, джынсах можна сказаць пра твае мэты ў жыцці.

Еўрарадыё: Зараз хочуць увесці пошліну ў 100 долараў, калі чалавек закупляецца рэчамі за мяжой. А ў нас можна добра апрануцца?

Саша Варламаў: Практычна немагчыма. Калі купляць тавары айчыннай вытворчасці, ты будзеш апрануты ў адзенне, у якім цябе хоча бачыць чыноўнік. Яны вырашаюць, што рабіць. І вось яны вырашылі, што чалавек мусіць насіць вось гэтыя штаны, вось гэтае паліто. Калі ты хочаш насіць іншыя рэчы, прасцей з'ездзіць накупіць у Кіеве, у Маскве... І ты сам абярэш, што хочаш насіць. Гэта не таму, што беларускае дрэннае, проста гэта частка ўніформы для насельніцтва.

Нідзе, апроч нашай краіны, мода не мае дзяржаўнага рэгулявання, чыноўніцкага ўмяшання. Кожны чалавек сам вырашае, калі ён шые, дзе мусіць быць гузік. А ў нас на прадпрыемствах стаяць ДАСТы: гузік мусіць быць прышыты на гэткай адлегласці ад краю вырабу. Я разумею, што можна рэгламентаваць нейкія моманты ў медыцыне, але як можна рэгламентаваць творчы працэс?

Ёсць людзі, якія хочуць выявіць сябе, але на гэта няма грошай. І яны пачынаюць вылучаць сябе нейкімі хустачкамі, капялюшыкамі. Вось нядаўна прайшоў па вечаровым Мінску, большасць крамаў абсалютна пустыя. Усе сусветныя брэнды прадстаўленыя ў Мінску, але я там не бачыў пакупнікоў.

Еўрарадыё: Можа, за гэтыя два месяцы вы ўжо прыкмецілі новых маладых таленавітых дызайнераў?

Саша Варламаў: Я быў на трох паказах за апошні час. Быў на паказе Людмілы Лабковай. Яна заўжды выклікала ў мяне захапленне. Акрамя яе — Святлана Гнядзёнак. Гэта не проста фасончыкі — гэта светапогляд. Ёсць сёстры Парфяновіч, якія нядаўна паказалі сваю калекцыю. Але я не магу назваць іх дызайнерамі, яны пайшлі ў галіну мастацтва. Яны мастакі. Іх калекцыі — як карціна, як арт-праект. У моды ёсць крой — калі ў модзе няма крою, то гэта не мода.

Еўрарадыё: Больш за два гады за кратамі — калі пачаўся суд, вы задавалі пытанні, выступалі, што дапамагала трымацца?

Саша Варламаў: Былі людзі, якія падтрымлівалі мяне. Вось нават цябе вядуць канваіры, а праз дзверы камеры чуеш шэпт: "Трымайся". Я прачытаў шмат царкоўнай літаратуры. Дый я заткнуўся на ўвесь гэты час, большую частку часу я маўчаў. Мастацкую літаратуру не мог чытаць. Там пачынаеш вар'яцець ад асаблівай колькасці фені, мацюкоў. Памятаю, пачаў уголас чытаць малітву за кожнага з сукамернікаў, называючы іх імёны. Тады мат спыніўся: мабыць, вырашылі, што я звар'яцеў?

А наогул усё, што мне давялося вытрываць, даў мне Бог. Я цалкам даверыўся яму. Я вытрываў за кошт таго, што я чытаў. Гэта давала мне моц, жыццё, надзею. Я там два гады маўчаў, у дзень казаў тры словы. Але дзякуючы гэтаму досведу я лепш падрыхтаваўся да жыцця ў тым, іншым свеце. Можа, у гэтую турму мяне схавалі, каб уберагчы ад сябе самога, ад таго стану, у якім я знаходзіўся перад арыштам. Я не бачыў сэнсу тады ў тым, што раблю. І ў турме я не памёр, для чагосьці ж гэта ўсё трэба было. І я працягваю думаць, дзеля чаго гэта трэба. Узгадваю словы Сароўскага: "Змірыся, і тысячы людзей побач з табой выратуюцца". То бок мне трэба сваю ініцыятыву цалкам выключыць. Шмат якія людзі спыняюць на вуліцы, загаворваюць. Значыць, Бог дае, значыць, трэба трымацца далей.

Нагадаем, суд прызнаў Сашу Варламава вінаватым па некалькіх эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэкса. Мадэльера прысудзілі да пяці гадоў абмежавання волі без накіраванні ва ўстановы адкрытага тыпу, або да "хатняй хіміі". Саша Варламаў правёў за кратамі больш за два гады.