Вы тут

"Уначы прыйшло смс" — ветэраны атрымліваюць грошы да Дня Перамогі

На 1 красавіка ў Беларусі пражывала 3337 ветэранаў ВАВ / TUT.BY

Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і іншыя катэгорыі грамадзян, якія маюць права на выплаты да Дня Перамогі, сталі атрымліваць грошы, паведамляе TUT.BY

"Мой дзед-ветэран вайны, мае другую групу інваліднасці па раненні. А 12 гадзіне ночы яму прыйшло смс аб залічэнні матэрыяльнай дапамогі", — распавёў журналістам партала адзін з чытачоў. Ён удакладніў, што дзядулі пералічылі 1700 рублёў, і дадаў, што такіх выплат у сям'і не чакалі.

Такая ж сума ў 1700 рублёў паступіла раніцай у суботу і на картку ветэрана ВАВ Уладзіміра Іванавіча Паборцава, распавялі яго родныя.

Некаторым удзельнікам вайны прыходзяць сумы паменш. У яшчэ адной сям'і журналістам распавялі, што "бацьку-ветэрану на карту прыйшло 700 рублёў. Выплатай ён задаволены".

700 рублёў да свята атрымала і былая вязніца Ніна Пятроўна Марчанка. Яна прызналася, што здзіўленая гэтым грошам: раней яна атрымлівала разавыя выплаты толькі да круглых дат. Сёлета грошай яна не чакала, і дагэтуль сумняваецца: ці не памылка…

Нагадаем, першапачаткова разавыя выплаты да Дня Перамогі сёлета не планаваліся. Пра гэта за некалькі дзён да свята казала прадстаўніца міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Аднак калі ініцыятыва валанцёраў заявіла пра намер сабраць грошы для ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на сітуацыю. Ён заявіў, што ветэраны "ад іх грошы не возьмуць: гэта крывавыя грошы", і што выплаты ад дзяржавы будуць.

І нават калі хтосьці не паспее атрымаць грошы непасрэдна да свята, Лукашэнка паабяцаў, што ўсім "кампенсуе 10-11-га чысла".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.