У Брэсце правядуць шэсце "Бессмяротнага палка"
"Бессмяротны полк" / Рускі дом у Брэсце
9 траўня ў Брэсце пройдзе калона "Бессмяротнага палка". Яна будзе рухацца ў складзе шэсця "Беларусь памятае. Памятаем кожнага", паведамляе Рускі дом у Брэсце.
Каардынатарам прарасійскай акцыі называюць старшыню Брэсцкага аддзялення Рускага таварыства Святлану Смірнову.
Акцыя "Бессмяротнага палка" ў памяць аб продках, загінулых на франтах Другой сусветнай, пачалася ў Расіі як грамадская ў 2011 годзе. аднак неўзабаве ўлады ўзялі яе пад сваё крыло і зрабілі прапагандысцкай. "Бессмяротны полк" стаў такім жа сімвалам "рускага свету", як і георгіеўская стужка.
У Беларусі ўлады ў розныя гады то забаранялі, то дазвалялі "рускамірцам" правесці шэсце "Бессмяротнага палка". Сёлета прарасійскі актывіст Андрэй Герашчанка звярнуўся да ўладаў з просьбай правесці шэсце ў беларускіх гарадах, каб "пацвердзіць адзінства Расіі і Беларусі, расіян і беларусаў у пытанні святкавання Дня Перамогі".