На некаторых памежных пераходах на беларуска-ўкраінскай мяжы працягваецца "ідэалагічнае супрацьстаянне". Беларускія памежнікі рэгулярна скардзяцца на ўкраінскіх байцоў, якія то павесяць бел-чырвона-белы сцяг, то пакажуць нейкі "абразлівы жэст", то павесяць пудзіла расійскага салдата "Валеры". На гэты раз сілавікі РБ абурыліся дэманстратыўным усталяваннем украінцамі на мяжы ўкраінскага і беларускага нацыянальнага сцягоў.
Таксама ідзе "вайна банераў". Калі ўкраінцы нагадваюць беларусам пра расійскую акупацыю, прапаганда РБ адказвае выдумкай пра "амерыканскіх акупантаў" ва Украіне.
