У сувязі з неабходнасцю: улады збіраюць звесткі тых, хто вывучае польскую

Пракурор Андрэй Клышэвіч і ліст ад яго / Еўрарадыё
Пракурор Андрэй Клышэвіч і ліст ад яго / Еўрарадыё

25 сакавіка на адрас смаргонскага цэнтра моўных курсаў "Акадэмія.by" прыйшоў ліст са смаргонскай пракуратуры. У ім пракурор Андрэй Клышэвіч просіць перадаць "звесткі аб аказанні таварыствам паслуг па навучанні польскай мове", а таксама "анкетныя звесткі выкладчыкаў", "спіс асоб, якія атрымліваюць пазначаную адукацыйную паслугу" і іншыя звесткі.

В связи с необходимостью: власти собирают данные тех, кто изучает польский
Ліст ад пракурора ў "Акадэмію" / Еўрарадыё

Цікавасць уладаў да асабістых звестак наведвальнікаў курсаў польскай мовы адміністрацыя цэнтра звязвае з нядаўнім затрыманнем кіраўніка неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс.

— 23 сакавіка яна была затрыманая, а 25 сакавіка мы атрымалі ліст. Калі былі б пытанні канкрэтна па нас, то запытвалі б звесткі па ўсіх работніках і па ўсіх мовах, якія выкладаюцца, — у нас іх тры. Але запытваюць толькі па польскай мове, і нам здаецца, гэта ўсё неяк звязана, — расказвае Еўрарадыё менеджар "Акадэміі".

Інфармацыю пра сваіх кліентаў цэнтр адсылаць не спяшаецца.

— Звесткі мы яшчэ не адаслалі, з дапамогай юрыстаў падрыхтавалі адказ для пракуратуры, у якім просім абгрунтаваць іх запыт. Копіі навучальных праграм перададзім, а звесткі студэнтаў перадаваць не хочам. Будзем прасіць растлумачыць, навошта патрэбныя звесткі студэнтаў, бо няма ніякай пракурорскай праверкі. Калі такая праверка пачалася, то мы павінны былі атрымаць пра гэта паведамленне. А тут проста "ў сувязі з неабходнасцю", і ўсё. Гэта значыць, нават не абгрунтаваны запыт.

В связи с необходимостью: власти собирают данные тех, кто изучает польский
"Акадэмія.by" / "УКантакце"

На думку прадстаўнікоў "Акадэміі", разгалашэнне відавочна не ідзе на карысць арганізацыі і можа адпудзіць кліентаў.

— Па-першае, гэта ўдар па нашай рэпутацыі. Усё ж гэта персанальныя звесткі, і ў сувязі з такімі абставінамі, магчыма, не ўсе захочуць разгалашаць тое, што яны вывучаюць польскую мову, — напрыклад, для карты паляка, — тлумачыць Еўрарадыё работнік навучальнага цэнтра. — Хтосьці працуе на дзяржаўнай службе і, магчыма, таксама не хоча, каб да яго былі нейкія пытанні. Таксама нам паступаюць званкі і паведамленні ад бацькоў, якія непакояцца, маўляў, навошта разгалашаць звесткі непаўналетніх. З іншага боку, я думаю, што адэкватныя людзі разумеюць, з чым гэта можа быць звязана. У кожным разе гэта не ёсць добра для нашых курсаў, таму што людзі перажываюць за свой лёс.

Як выявілася, выпадак са смаргонскім цэнтрам вывучэння моў не адзіны. Пракуратура цікавілася і іншымі ўстановамі ў Гродзенскай вобласці, якія вучаць польскай мове. Так, у гродзенскі навучальны цэнтр "Дрэва ведаў" таксама тэлефанавалі.

— Так, да нас звярталіся з пракуратуры, але не так афіцыйна, як да іх [да "Акадэмія.by". — Еўрарадыё], таму што ў цяперашні час мы не праводзім навучання па гэтых напрамках, — кажуць Еўрарадыё ў гродзенскім навучальным цэнтры "Дрэва ведаў". — Яны ў нас удакладнілі, ці праводзім мы курсы па навучанні польскай мове, і на гэтым усё. Усе пытанні да нас былі знятыя.

В связи с необходимостью: власти собирают данные тех, кто изучает польский
Сертыфікат цэнтра "Дрэва ведаў" / mogilev.uchi.by

У лідскай прыкасцельнай школе, у якой польскую выкладаюць настаўнікі прыватнага цэнтра "Vorono.by", такія звесткі збіраюць ужо даўно. Акрамя справаздач па бухгалтэрыі, чыноўнікі рэгулярна атрымліваюць інфармацыю пра навучэнцаў. Пра гэта Еўрарадыё расказала выкладчыца курсаў Святлана.

— У нас такія дакументы патрабуюць пастаянна. Асабістыя звесткі мы паведамляем, бо калі дзяцей запісваюць у школу, то падаюць нумар тэлефона, імя, прозвішча, дзе працуюць бацькі, дзе навучаецца дзіця. І заўсёды да дамоваў мы прыкладалі пашпартныя звесткі, таму што дзіця да 18 гадоў не можа стварыць з намі дамову, — кажа выкладчыца.

Па словах Святланы, звесткі школы правярае мясцовы выканкам і яго ідэалагічны аддзел. Але такіх маштабных праверак, як цяпер, Святлана не прыгадае:

— Я ведаю, што цяпер у іншых таксама правяраюць. Проста цяпер такая сітуацыя склалася, вы ж ведаеце. Ніколі асабліва праверак не было. Але да мяне прыходзяць дзеці і кажуць, што правяраюць усе школы, якія яны наведваюць. Калегі тэлефануюць. Ва ўсіх такое адбылося ў сакавіку месяцы.

В связи с необходимостью: власти собирают данные тех, кто изучает польский
Навучанне польскай мове ў "Vorono.by"

25 сакавіка была затрыманая кіраўніца лідскага аддзела Саюза палякаў у Беларусі Ірэна Бярнацкая. Яе дачка Вераніка расказвае Еўрарадыё, што падчас ператрусу ў офісе былі адабраныя звесткі тых, хто вывучае польскую мову.

— У нас лідская пракуратура таксама брала такія звесткі, яшчэ да затрымання мамы, калі прыходзілі з аглядам. Узялі звесткі ўсіх выкладчыкаў і дзяцей.

Сама Ірэна ўжо шосты дзень знаходзіцца на Валадарцы ў статусе падазраванай — магчыма, па справе Анжалікі Борыс.

— Мама адчувае сябе добра, настроеная на доўгую барацьбу, разумее ўсю складанасць сітуацыі. Папрасіла кавы, тэлевізар. Пакуль ніякіх афіцыйных каментароў ад уладаў мы не атрымлівалі.

Вераніка лічыць, што на польскую меншасць улады аказваюць ціск — хоць бы таму, што пацярпела яе мама.

— У чым выяўляецца ціск? Ну, напрыклад, у тым, што мая мама атрымала тры адміністрацыйныя справы. Калі яна апелявала па "справе аб малітве", у абласным судзе ў матывацыйнай частцы было напісана, што яна "старшыня незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі". Добра, ён не зарэгістраваны. Але гэта ж не яе праца. Чаму яны так пішуць? Таму гэта ціск.

У канцы лютага ў брэсцкай "Польскай школе" прайшло памятнае мерапрыемства, прысвечанае "выклятым салдатам" — польскім удзельнікам антыкамуністычнага падполля. Пасля гэтага брэсцкая пракуратура завяла справу аб "гераізацыі ваенных злачынцаў". У выніку ўзаемных абвінавачванняў польскага і беларускага бакоў былі высланыя дыпламаты абедзвюх краін. Былі затрыманыя сузаснавальнік "Польскай школы" Аляксандр Наводнічы і яе дырэктар Ганна Панішава. Крыху пазней разам з іншымі ўдзельнікамі незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі была затрыманая старшыня Саюза Анжаліка Борыс.

29 сакавіка прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў лісце прэзідэнту ЗША Джо Байдэну заявіў, што "рэжым у Мінску атакуе польскую меншасць па палітычных матывах як прадстаўнікоў беларускага грамадства, звязаных з трансатлантычнымі дэмакратычнымі інстытуцыямі". Дуда заклікаў Злучаныя Штаты як краіну, якая старшынствуе ў Савеце Бяспекі ААН, звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед яе грамадзянскай супольнасці, уключаючы польскую меншасць, і ўнесці гэтае пытанне ў парадак дня на адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Савета Бяспекі ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі