Праблемы з рахункамі беларусаў вывучае Камісія фінансавага нагляду Польшчы

Польскі банк, ілюстрацыйнае фота

Польскі банк, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock

Камісія фінансавага нагляду Польшчы вывучае праблемы, з якімі пры спробе адкрыць рахунак у польскім банку сутыкаюцца грамадзяне Беларусі, якія чакаюць міжнароднай абароны. Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка кіраўніка Камісіі Марціна Мікалайчыка на запыт намесніка амбудсмэна па грамадзянскіх правах Войцэха Бжазоўскага, піша выданне MOST.

Часцей за ўсё банкі патрабуюць від на жыхарства, спасылаючыся на апошні пакет фінансавых санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі. У Камісіі ж лічаць, што банкі павінны прымаць таксама і часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC), якое выдаецца на час чакання абароны.

У адказе Мікалайчыка гаворыцца, што 10 чэрвеня 2025 года Камісія ўжо накіравала ў банкі ліст з гэтай заўвагай. Праўда, новы санкцыйны пакет быў прыняты ўжо пасля гэтага, у кастрычніку 2025 года.

Таксама Камісія вывучае выпадкі, калі беларусам блакавалі ўжо адкрытыя рахункі за адсутнасць дзейнага дазволу на жыхарства.

Таксама ў камісіі паабяцалі разабрацца з тым, што банкі патрабуюць для адкрыцця рахунку працоўную дамову. Між тым людзі, якія хадайнічаюць пра міжнародную абарону, не маюць права працаваць на працягу шасці месяцаў з дня падачы заявы на яе (калі толькі ў іх няма іншага дакумента, які дае доступ да рынку працы).

Камісія ўжо выслала банкам пытанні, як яны імплементавалі палажэнні ліста, накіраванага ім у чэрвені 2025 года.

Праблемы з рахункамі беларусаў вывучае Камісія фінансавага нагляду Польшчы

Плаціце падаткі ў Польшчы? Тады вы можаце падтрымаць Еўрарадыё і перавесці нам 1,5% свайго падаходнага. Гэта проста! У дэкларацыі ў графе "1,5 na OPP" трэба ўвесці KRS 0000507234 і cel 137070. Вы ўбачыце арганізацыю FANIMANI — так і мусіць быць, гэта нашыя партнёры. Гэта дапаможам нам станавіцца яшчэ лепш!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.