Польшча за год выплаціла на беларускіх дзяцей 233,8 млн злотых
Польскія злотыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
23,4 тыс. беларускіх дзяцей у Польшчы атрымліваюць дапамогу па праграме "800+". Такія звесткі ўпраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS) на канец 2025 года прыводзяць польскія медыя. Сума выплачанай за мінулы год дапамогі склала 233,8 млн злотых (каля 63 млн долараў), заўважыла выданне MOST.
У параўнанні з 2024 годам колькасць беларускіх дзяцей, якім налічваецца такая дапамога, не змянілася. Але сума, выплачаная за год, паменшала на 1 млн злотых.
Беларусы — другая па колькасці група замежнікаў, якія атрымлівалі дапамогу. Першае месца займаюць украінцы, у якіх дапамогу атрымліваюць 262,8 тыс. дзяцей. Прычым за год гэтая колькасць скарацілася на 7, 6%. Пасля беларусаў ідуць румыны (5,8 тыс.), расіяне (3,7 тыс.) і в'етнамцы (2,5 тыс.). Агулам дапамогу "800+" выплачвалі на 325,3 тыс. дзяцей без польскага грамадзянства.
Але з гэтага года прынцып прызначэння і выплаты дапамогі "800+" для замежнікаў стане больш жорсткім. Ад бацькоў патрабуецца, каб хаця адзін з іх працаваў ці займаўся прадпрымальніцтвам і падлягаў пенсійнаму страхаванню (emerytalne і rentowe) ад базы, агульны памер якой складае не менш за 50% мінімальнага заробку. Палова мінімальнага заробку цяпер складае 2403 злотыя брута.
Таксама права на дапамогу захаваюць бацькі, якія маюць сацыяльнае забеспячэнне акрамя працы: атрымліваюць дапамогу як беспрацоўныя, дапамогі па цяжарнасці і родах, па доглядзе дзіцяці, пенсію (у тым ліку па інваліднасці), дапамогу на інтэграцыю і гэтак далей.
З'явілася і яшчэ адна ўмова для атрымання дапамогі: дзеці школьнага веку павінны навучацца ў польскай школе.