Начальства забараніла мінскаму кіроўцы трамвая весці блог пра працу
Трамвай, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
Мінчук Віталь Монід працуе кіроўцам трамвая і вядзе свой блог у Instagram. У ім мужчына рэгулярна дзяліўся з падпісчыкамі гісторыямі проста з кабіны і расказваў пра сваю прафесію.
Аднак днямі кіраўніцтва прадпрыемства, як заўважыла выданне "Зеркало", забараніла яму выкарыстоўваць камеру на працоўным месцы. Таму новых відэа больш не будзе.
У сваіх роліках Віталь расказваў пра асаблівасці трамвайнага руху ў Мінску, паказваў, як змяняецца надвор'е ранняй вясной, дзяліўся прафесійнымі нюансамі.
Апошняе відэа аб працы ён апублікаваў 15 сакавіка 2026 года. "Мне забаранілі весці відэаздымкі ў працэсе маёй працы. Гэта рашэнне звязана з унутранымі правіламі нашага прадпрыемства", — сказаў Монід.
Ён падкрэсліў, што стварэнне ролікаў не ўплывала на бяспеку дарожнага руху і якасць перавозкі пасажыраў. Камера заўсёды была на штатыве, рукі заставаліся свабоднымі, а органы кіравання трамваем былі ў поўным доступе.
Таксама кіроўца дадаў, што хацеў папулярызаваць мінскі трамвай і прыцягнуць увагу да прафесіі: "Публікацыя маіх відэа ў інтэрнэце не мела на мэце дыскрэдытацыі прадпрыемства". Ён выказаў надзею, што кіраўніцтва дазволіць публікаваць хаця б узгоднены кантэнт.
Падпісчыкі блогера сустрэлі навіну з засмучэннем і напісалі яму словы падтрымкі:
"Вельмі шкада, 20 гадоў пражыла ў Серабранцы, было вельмі прыемна глядзець вашыя відэа. Спадзяюся, гэтае рашэнне перагледзяць"
"Вельмі-вельмі шкада..."
А 16 сакавіка Віталь паведаміў падпісчыкам, што сышоў у "доўгачаканы адпачынак на 15 дзён".