Вы тут

У “лукашэнкаўскіх месцах” назвы прыпынкаў перакладаюць на рускую мову

Еўрарадыё

У Аршанскім раёне надпісы на аўтобусных прыпынках перакладаюць на рускую мову. Будаўнікі зносяць металічныя прыпынкі і ставяць на іх месцы каменныя, а заадно і змяняюць шыльды з іх назвамі. Раней надпісы на іх былі па-беларуску, а цяпер — па-руску.

Прыпынкі замяняюць па дарогах на мястэчкі Балбасава і Копысь. У Балбасаве любіць бываць Аляксандр Лукашэнка, гэтым летам ён разам з сынам Мікалаем і чыноўнікамі катаўся па аграгарадку на ровары. А Копысь дык і ўвогуле родны горад кіраўніка Беларусі.

Новы прыпынак / Фота: orsha.eu

Чаму з “лукашэнкаўскіх месцаў” знікае беларуская мова? У аршанскім Дарожна-эксплуатацыйным упраўленні № 39, якое займаецца заменай прыпынкаў, Еўрарадыё расказалі, што не бачаць у гэтым ніякай праблемы:

“У нас дзяржаўная мова — беларуская і руская. Старыя прыпынкі змяняем на новыя. У чым праблема? Ці людзі развучыліся па-руску чытаць? Гэта вас абурыла, што змяніліся надпісы! Да нас скаргі не паступалі”.  

Стары прыпынак / Фота: orsha.eu

Гэта ўжо не першы выпадак выціскання беларускай мовы з грамадскага транспарту ў Оршы. Сем гадоў таму па-руску загучалі аб’явы ў гарадскіх аўтобусах. Сёлета за вяртанне беларускай мовы ў грамадскі транспарт падпісалася больш за 300 аршанцаў. Але кіраўніцтва аўтапарка адмовілася пускаць родную мову ў транспарт, растлумачыўшы, што “ў хуткім часе нам аб’ядноўвацца з Расіяй”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.